Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хіба-ж вы ня бачыце, што гэта я? — спыталася яна, нарэшце, з вялікай дастойнасьцю, даўшы спакой краскам.

Гэтае простае пытаньне балюча адгукнулася ў сэрцы сьляпога. Ён нічога не адказаў і толькі яго рукі, якімі ён упіраўся ў зямлю, неяк сударгавата схапіліся за траву. Але размова ўжо пачалася, і дзяўчынка, ўсё яшчэ стоячы на тым самым месцы і займаючыся сваім букетам, ізноў спыталася:

— Хто цябе вывучыў гэтак хораша граць на дудцы?

— Іохім вывучыў, — адказаў Пятрусь.

— Вельмі добра! А чаму ты гэткі злы?

— Я… ня злую на вас, — сказаў хлопчык ціха.

— Ну, дык і я ня злую… Давай гуляць разам.

— Я ня ўмею гуляць з вамі, — адказаў ён спусьціўшы вочы.

— Ня ўмееш гуляць?.. Чаму?

— Так.

— Не, чаму-ж?

— Так, — адказаў ён ледзь чутна і яшчэ болей спусьціў вочы.

Яму не даводзілася яшчэ ніколі гаварыць з кім-нібудзь пра сваю сьлепату, і простадушны тон дзяўчынкі, прапанаваўшай з наіўнаю заўзятасьцяй гэтае пытаньне, адгукнуўся ў ім ізноў тупым болем.

Незнаёмая паднялася на ўзгорачак.

— Які ты сьмешны, — загаварыла яна з папускальным жалем, сядаючы побач з ім на траву. — Гэта ты, мусі, таму, што яшчэ са мною незнаёмы. Вось пазнаеш мяне, тады пакінеш баяцца. А я не баюся нікога.

Яна казала гэта з бясьпечнаю яснасьцяй, і хлопчык пачуў, як яна кінула сабе ў хвартушок шмат красачак.

— Дзе вы ўзялі краскі? — спытаўся ён.

— Там, — махнула яна галавою, паказваючы назад.