Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

носіны. Дзяўчынка, якую звалі Эвэлінаю, прыходзіла штодня ў сядзібу, а праз некаторы час яна таксама паступіла вучаніцаю да Максіма. Спачатку гэты плян супольнага навучаньня ня надта спадабаўся пану Яскульскаму. Першае — ён лічыў, што, калі жанчына ўмее запісаць порце і вясьці хатнюю расходную кнігу, дык гэтага зусім даволі, другое — ён быў добры каталік і лічыў, што Максіму ня варта было ваяваць з аўстрыякамі, напроці ясна выказанае волі „айца-папежа“. Нарэшце, яго цьвёрдае перакананьне было ў тым, што на небе ёсьць Бог, а Вольтэр і вольтэрыянцы кіпяць у пякельнай смале, які лёс, паводле думкі шмат каго, быў суджаны і пану Максіму. Аднак-жа пры бліжэйшым знаёмстве ён павінен быў прызнацца, што гэты гэрэтык і забіяка — чалавек вельмі прыемнага нораву і вялікага розуму, і праз гэта пасэсар пайшоў на компроміс.

Але ўсё-ж такі нейкая неспакойнасьць варушылася ў глыбіні душы старога шляхціча, і дзеля гэтага, прывёзшы дзяўчынку на першую лекцыю, ён палічыў дарэчы зьвярнуцца да яе з урачыстаю і паважнаю прамоваю, якая, праўду кажучы, болей прызначалася для вушэй Максімавых.

— Вось што, Вэля… — сказаў ён, узяўшы дачку за плячо і пазіраючы на яе будучага настаўніка. — Помні заўсёды, што на небе ёсьць Бог, а ў Рыме сьвяты яго „папеж“. Гэта табе кажу я, Валенты Яскульскі, і ты павінна мне верыць, таму, што я твой бацька, — гэта primo.

Пры гэтым адбыўся новы строгі пагляд у бок Максіма; пан Яскульскі падчыркваў сваю лаціну, даючы зразумець, што і ён ня чужы для навукі і, ў выпадку чаго, яго ашукаць трудна.

Secundo, я — шляхціч слаўнага гэрбу, ў якім разам з „копкаю й варонаю“ не дарма азначаецца крыж у сінім полі. Яскульскія, быўшы добрымі рыцарамі, няраз мянялі мечы на малітвенікі і заў-