Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Маладая жанчына глядзела на людзей, як спалоханая галубка, і пыталася:

— Скажэце-ж мне, чаму гэта ён гэткі?

— Які? — спакойна перапытвалі людзі. — Ён нічым не адрозьніваецца ад іншых дзяцей гэткага веку.

— Пагляньце, як дзіўна шукае ён чагось рукамі…

— Дзіця яшчэ ня можа коордынаваць рухаў рук з бачаным вачыма, — адказаў доктар.

— Чаго-ж ён глядзіць усё ў адным кірунку?.. Ён… ён сьляпы? — вырвалася раптам з матчыных грудзей страшэнная дагадка, і ніхто ня мог яе супакоіць.

Доктар узяў дзіця на рукі, шпарка пахіліў да сьвятла і зірнуў у вочы. Ён крыху зьбянтэжыўся і, сказаўшы некалькі нязначных фразаў, ад’ехаў, дакляраваўшы вярнуцца праз якія два дні.

Маці плакала і трапясталася, як падстрэленая птушка, прыціскаючы дзіця да сваіх грудзей, тымчасам як вочы хлопчыка пазіралі ўсё тым самым нярухомым і строгім паглядам.

Доктар сапраўды вярнуўся дні цераз два, захапіўшы з сабою офтальмаскоп. Ён запаліў сьвечку, прысоўваў і аддаляў яе ад дзіцячага вока, заглядаў у яго і, нарэшце, сказаў з зьбянтэжаным выглядам:

— Нажаль, панечка, вы не памыліліся… Хлопчык сапраўды сьляпы і, пры гэтым, безнадзейна…

Маці выслухала гэтую вестку з спакойнаю тугою.

— Я ведала даўно, — сказала яна ціха.

III.

Дружына, ў якой нарадзіўся сьляпы хлопчык, была невялікая лікам. Апрача названых ужо асобаў, яна складалася яшчэ з бацькі і „дзядзькі