ён блытаўся паміж кустоў ды балота. Ня мог знайсьці дарогі, няшчасным быў…
Анжэліна. А я нічога не хачу, толькі адну тую ляльку.
Дзед. І чаму табе раптам захацелася здабыць тую ляльку? Нарэшце, гэта-ж проста рэч, зробленая з воску, валасоў і ружовае тканіны. Яна хутка паломіцца альбо забрудзіцца і абрыдзее табе.
Анжэліна. Калі я люблю яе.
Дзед. Любіш? Чаму ты яе любіш? Ці ня лепш табе любіць тваю бабку, маму ды не рабіць ім няпрыемнасьці сваімі выдумкамі. Лялька-ж няжывая, за што-ж яе любіць. Яна-ж ня можа цябе любіць, плакаць па табе, даглядаць цябе, калі ты хворая, як гэта робім мы.
Анжэліна. Калі ў яе такія сіненькія, блакітненькія вочкі і беленькія валаскі.
Дзед. Ну, добра, няхай сабе ты любіш яе, але калі табе нельга яе мець, дык трэба пастарацца забыцца аб ёй.
Анжэліна. А калі я не магу?
Дзед. А ты пастарайся. Ты не хадзі тэю вуліцаю, а другою. Ня будзеш бачыць яе і забудзешся.
Анжэліна. Добра, я пайду другою вуліцаю, ня буду на яе заглядацца і забудуся. Мусіць, я вельмі нядобрая. Я заўсёды хачу таго, чаго не магу мець. Я ня буду думаць пра гэтую ляльку.