Старонка:Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927). Выпуск I.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эй, Сьцяпане, Сьцяпане, старыя мы ўжо пні! Адною палавінай на гэтым баку, другою — на тым. Фю! Жыцьцё, як тая муха бззз! і праляцела… — пстрыкае пальцамі Сымон у паветры.

— Шэк[1] так, яно то, так, — праляцела, — годзіцца Сьцяпан, — але як аглянешся назад, як падумаеш, ды прыпомніш тыя магілы, насыпаныя сваімі рукамі, на сьлёзы выліт… каху — каху! папярхнуўшыся горкім словам, кашляе. Ось спытай суседа і сьведку аб пройдзенай дарозе. Паказвае скурчаным пальцам на крыж пры вароцях[2]. Усіх маленькіх пахаваў, усіх аплакаў. Не пашкадавалі родненькія мяне… старога, не пашкадавалі! — адно за адным, адно за адным, як пацерачкі пакаціліся! Згарнуўся ў кручок і кідаў жаласную скаргу ў вочы расьпяцьця. Ну, — заківаў галавою: Яго сьвятая воля! вечна адпачываньне…

А крыж-старазіна замшалым ліцом глядзеў на абодвых і думаў сваю думу… Разам пэўне з Сьцяпанам свой век скараталі, разам старэлі і горбіліся. Мо’ не адна бура над іх галавамі шумела, не адзін гром у іх сэрца мерыў, а яны ціха смутак сабе павяралі. На’т і паходзілі адзін на аднаго; абадва шэрыя, сухія, замкнутыя ў сабе, панура глядзелі ў зямлю.

— Праз крыж твой і мукі — выбач ім, Пане! — кончыў сваю малітву Сьцяпан, і ўжо крыху спакайнейшым голасам вёў далей гутарку:

— Жывём цяпер толькі ўдвох. Вось сяджу часам на прызьбе і думаю: а ну! хто каго перастаіць? Хацеў, было, падперці, але як ужо на тое пашло — паглядзімо, хто каго: ці я яго, ці ён мяне? Равесьнікі-ж, бачыш, Сымоне, і мы з ім. Шчэ[3] бацька мой нябожчык паставіў, якраз у той год, як я меў радзіцца. І тут Сьцяпан папраўляецца, сядае добра, бярэ Сымона за рукі, як ён прывык рабіць з кожным сьвежым чалавекам, і пачынае свой сказ, мо’ тысячу раз ужо пераказаны ім у жыцьці.

Бацьке[4] мае былі багатыя гаспадарэ[5], але дзеці ў іх не гадаваліся. Народзіцца худое, зялёнае, гадоў два, тры пакавэнчыцца[6] ды памрэ. Перапрабавалі ўсяго чыста. Хто чаго не парадзіў: лекі, знахары, шаптухі, а скутку?[7] ні на шэлег[8]. Знаку — ні твой Божа! Ходзіць гэта мая матка мною восьмым, ці дзевятым, а пошасьць[9] — знакам тым халера — косіць народ, што ні радачкі. Хмарай ідзе па ўсёй старане. Людзі не згадаюць, што і рабіць: абгорваюць вёскі, моляцца, на ахвяры даюць, крыжы ставяць А матка гэта мая і ка’[10] да бацькі. — Чалавечку, пастаўма і мы крыж, жывучы на аднасельлі. Мо’ і нас Бог укрые ад заразы, а мо’ і дзеткі стануць гадавацца! Пасьля яна то спамінала, што быццам крыж агністы мільгануў ёй перад вачыма. Парадзіліся, пагаварылі, ды паставілі зьля вароць[11]. Праз колькі тыдняў я і нарадзіўся — хлопец ня хлопец, а цьвікі!так такі дзіця каўбук[12]. Бабка стала купаць, зірк і рукі адняліся… На правай лапатцы ў дзіцяці, знакам тым у мяне, чырвоны крыжык, так

  1. Перакручанае польскае wszak — аднак. Тут амаль бяз значаньня
  2. варотах.
  3. Яшчэ.
  4. Провінцыяльны зварот — бацькі.
  5. Таксама — гаспадары.
  6. Прамучыцца.
  7. Полёнізм — выніку.
  8. Стары грош, з старога германскага — schilling — (ёсьць і цяпер у ангельцаў).
  9. Тое-ж, што і зараза.
  10. Скароч. — кажа.
  11. Каля варот.
  12. Перакручана — клубок, кажуць яшчэ — каблук, ёмкі, каўбан, колбай — коўш.