Аж глянуці люба — абсеяў шнур цэлы:
Лялее пшанічка, авёс і ячмень,
Лялее другі шнур з жытцом, ужо белы;
Хаджу і любуюся кожненькі дзень.
Вот, думаю, будзе і крупак і хлеба,
Што лішняе — ў Менск павязу і прадам;
Вот будзе і солі, эй, ласкаў бог з неба!
Аддам ў магазын і падаткі аддам.
Дарэмныя-ж думкі былі усё гэта:
Нядолі праўдзівай, знаць, родны я сын!
Дарэмна я біўся вясну так і лета:
Усю маю працу дзень зьнішчыў адзін.
Раз неяк на небе зьявілася хмура;
Усякі з нас летняму дожджыку рад,
Але тут шла летняя страшная бура…
О, божа, хаця-б не пасыпаўся град!
Гром глуха грахоча пад небам высокім,
Прыціхнулі птушкі, схаваўся каршун,
Мігнула маланка адблескам далёкім,
Ударыў у елку гняўлівы пярун.
Сьвет пеклам здаецца, зямля раве дзіка,
А неба, сыпнуўшы маланак агнём,
Азвалася бурай шалёнай, вялікай,
Лясы затрашчэлі, дождж лінуў ліўнём.
Пашоў я назаўтра к пасевам на поле;
Падходжу дзе жыта, дзе шнур з ярыной,
Хацеў-бы вярнуцца, ня йсьці ужо болей:
І смутна, і жутка, сам неяк ня свой.
Прышоў і… затрэсьліся ногі і рукі,
Хацеў-бы заплакаць — дый сьлёз не дастаў.
Дзе столькі ўлажыў я і працы, і мукі,
Мае ўсе пасевы з зямлёй град зьмяшаў“…