Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

годзе пайшлі забастоўкі ды іншыя непарадкі. Як людзі казалі, і мой Юрка не адстаў. Вылез на вуліцу і давай з іншымі на чым сьвет шумець і крычаць: „Зямлі і волі!“ Разумеецца, за такі крык жандармы і зьбяёдалі яго з гэтага сьвету. Кажу свайму настаўніку, што во да чаго шум і крык такі даводзіць, а ён сьмяецца. „Бо, кажа, твой Юрка за чужую зямлю і волю шумеў і крычаў, а не за сваю, дык нічога з гэтага і ня вышла“. (Уваходзіць ЯНКА і АЛЕНКА).

ЗЬЯВА

ГАНУЛЯ — ГАРОШКА — АЛЕНКА — ЯНКА

ЯНКА

(вітаючыся з Гануляй)

Як жывём, цётачка? Даўненька ўжо з вамі ня бачыліся!

ГАНУЛЯ

(пакінуўшы мыцьцё)

О, даўненька! Бадай, годзікі са два ўжо будзе.

ЯНКА

Ды з гакам, цётачка. (Да ГАРОШКІ). А дзядзька Гарошка прачакаўся мабыць на нас? Пэўна люлек з тузін змарнаваў за гэты час.

АЛЕНКА

Тузін — ня тузін, а штук з сем то пэўна-ж татка выпыкаў.

ГАРОШКА

Не табе іх лічыць, сарока! (Буркліва). Пайшлі і прапалі, а мне сядзі тут у чужой хаце і чакай на іх.

ГАНУЛЯ

Што ты, сваток? Якая-ж гэта чужая табе хата?

ЯНКА

Ну, ня бурчэце, дзядзька: у вельмі пільнай справе прышлося нам заседзецца крыху.