Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯНКА

Як уважаю, дойная каза вышла з вашай свабоднай профэсіі аратара: столькі грошай, ды яшчэ дармовыя пайкі!

МІКІТА

Бачыце, пане профэсар, як вам сказаць, меджду протчым, я ўжо махнуў рукой на ўсе свабодныя профэсіі: штосьці мне яны не шанцуюць.

ГАНУЛЯ

Не шанцуюць, бо не за сваё бярэшся. Гэта-ж, трэба вам ведаць, чуць не наклікаў на сваю галаву безгалоўя. Як толькі немцы вышлі, то ён ужо на другі дзень палез на Трэку недзе на вышкі і давай, на чым сьвет, падбухторываць людзей. Спачатку ўсе зьдзівіўшыся глядзелі, сьмяяліся, а пасьля давай шпурляць у яго чым хто папала. Сьцягнулі гвалтам з вышак і нямаведама куды-б зацягнулі. Але на шчасьце заступілася мамзэль Наста і сяк-так выпутала з гэтай бяды.

МІКІТА

Меджду протчым, мамаша, вы крыху ня ў тых колерах адмалявалі ўсю гэту трагічную гісторыю. Уся бяда была ў тым, што я не ўгадаў, на якую, меджду протчым, стануць пляцформу, дзеля гэтага пасьлізнуўся і быў змушаны прымусова зыйсьці з трыбуны. І гэтае, меджду протчым, здарэньне пераканала мяне, што кроў свабодных профэсій у маіх жылых яшчэ не цячэ і што маё праўдзівае прызваньне вось у гэтым (хлопаючы па портфэлях): паперы, паперы й паперы. Цяпер я, пане профэсар, маю шаснаццаць дзенных і восем вячэрніх, меджду протчым, пасадаў рэгістратара ў розных Менскіх Губэрскіх Саўхозах, Нархозах, Комхозах, Домхозах і іншых аддзелах, пад‘аддзелах і напаўпададдзелах, дзе, меджду протчым, сяджу сабе і сяджу сабе, пішу сабе і пішу сабе. На маю пільную працу нават начальства, меджду протчым, зьвярнула ўвагу і да маёй рангі рэгістратара дабавіла ганаровую падрангу, якая панашаму завецца „Совбур“. Бяда толькі, меджду протчым, што вось новая, па ліку трэцяя, політычная сытуацыя спыняе на няведамы час гэту маю рэгістратарска-совбурскую кар‘еру.

(Уваходзяць з дваіх праціўных дзьвярэй ВУЧОНЫЯ).