Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АЛЕНКА

Ды праўду кажучы, доўга ці коратка — гэта ня важна. Але ў нас, цётачка, важнейшая бяда.

ГАНУЛЯ

А што-ж такое?

АЛЕНКА

Татку-ж майго йзноў у абоз пагналі. Але так пагналі, што і сьлед згінуў. Ужо тут, у Менску, мы даведаліся, што перш адны гналі, пасьля — другія, потым — зноў тыя самыя, потым — зноў другія, а там далей і няведама, хто гоніць і куды гоніць.

ГАНУЛЯ

Ганяюць людзі людзей бяз-дай-прычыны ды ганяюць. А каму гэта патрэбна, дык яны пэўна й самі ня ведаюць.

АЛЕНКА

Як татку, бывала, бяруць у абоз, дык ён заўсёды і кажа, што едзе окупантаў вывозіць. Але, бедны, возіць, возіць, ды ніяк вывезьці ня можа.

ГАНУЛЯ

Усё роўна, як той дзед з бабай рэпку сваю — цягнулі-цягнулі, ды ніяк не маглі выцягнуць. Але затое татка твой хоць сьвету пабачыць — пад старасьць будзе мець што ўнукам расказваць.

АЛЕНКА

(як-бы саромліва)

Ды ў яго яшчэ ўнукаў і няма.

ГАНУЛЯ

(усьміхаючыся)

Дык будуць, мае мілыя, будуць.

ЯНКА

Ой, нешта, мабыць, блазноцкае падумалі, цётачка, бо аж вочы спусьцілі.

ГАНУЛЯ

А бадай вы пакісьлі, мае дзеткі! І старую ў грэх вядзіцё. Давайце лепей аб чым іншым пагамонім. Во, якраз успомніла.