Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗОСЬКА

Вось і тата ідзе!

(Уходзіць ЛЯВОН і садзіцца за сталом. АЛЕНКА і ЮРКА выходзяць).

ЗЬЯВА VII

МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА — ЛЯВОН

ЛЯВОН

Ну, што? Як маці?

ЗОСЬКА

Нічога! Мамка сягоньня як-бы весялей трохі.

МАРЫЛЯ

(закашляўшыся)

Абач, і ты ўжо прышоў! Што-ж там чуў?

ЛЯВОН

Што чуў, што чуў? Старую песьню: не адпускаецца. Сягоньня высяляць будуць: ужо хурманкі ў іх наладжаны.

МАРЫЛЯ

Такі сягоньня! А я і з ложка не магу зысьці. Як-жа гэта будзе?

ЛЯВОН

(з горыччу)

Нічога! Вынесуць, як княгіню якую. Не бядуй па гэтым.

ЗОСЬКА

А як-жа будзе з пасевамі? Няўжо нам і пажаць не дадуць?

ДАНІЛКА

Вось дурная! Як жаць ня будзеш, дык менш работы будзе, а то ўжо і так па самыя вушы мне гэта гаспадарка дадзела: цягам рабі ды рабі!

МАРЫЛЯ

Куды-ж мы дзенемся?

ЛЯВОН

Нікуды! У чыстае поле!..