Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДАМІЦЭЛЯ

Што я скажу — як даведаецца — свайму Трахіму?

МАКСІМ

Куды я дзенуся — як даведаецца — ад сваёй Паланеі?

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Як гэта я, пасьля такога сваяцтва, буду цалавацца з Мацейкай?

ДАМІЦЭЛЯ

(з рызыкай)

Гэта ты ўсё, гад, наварыў гэтай саладухі, каб цябе зямля не насіла, абібок пракляты! Бяссорамнік! А яшчэ — кум! Хоць-бы пайшоў, злыдзень, дамоў у сваёй пары, каб мае і людзкія вочы ня бачылі!

МАКСІМ

Ня я, а ты, ведзьма, вінавата! Нарабіла пекла і маёй і сваёй хаце, ды яшчэ рызыкуе. Нашто пусьціла на свой ложак, калі бачыла, што гэта я — ня я?

КАЦЯРЫНКА

(у бок)

Шкода, што мамка дзядзьку падсаджвала!

ДАМІЦЭЛЯ

(заламаўшы рукі, сьлязьліва)

І што тут рабіць, што чыніць? Ня будзе ўжо мне жыцьця з Трахімкам, на векі-вечныя ня будзе! Прапала маё сумленьне кабечае, за німашто прапала! Асталася адна сьцежка-дарожка: пайду ўтаплюся ды ўсё тут! Хай мяне ўжо цяпер халодная вадзіца галубіць, а ня мой саколік, Трахімка. (Плача, абапёршыся на мешалку).

МАКСІМ

Страшны суд будзе дома, ох, на усё жыцьцё маё страшны! Не зазнаць ужо мне на векі-вечныя дабра і спакою са сваёй Паланейкай. Які я цяперака к чорту муж яе? Як там ня было, а ўсё такі перажыў век паводле боскага прыказаньня, хоць мо‘ і былі якія грашкі тайныя, але не такія-ж ужо яўныя! А цяпер…