Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА VII

ТЫЯ-ж І СЫМОН

СЫМОН

Эгэ! Шчырая малітва, відаць, адбываецца перад панічом.

(МАРЫЛЯ ўстае і адходзіць на бок).

ЗОСЬКА

Гэта мамка так сабе! Прасілі паніча, каб пазволіў яшчэ час які тут пасядзець.

СЫМОН

А ты прасіла, каб ён табе пазволіў там, у яго ночкі праседжваць.

ПАНІЧ

Ты, мой міленькі, азьвярэў і ня помніш сам, што кажаш. Ведай тое: што кіўну я толькі пальцам, і ты зараз-жа зазвоніш ланцугамі за напад на маіх людзей з тапаром, калі ягамосьця з хаты выпрошвалі.

СЫМОН

Ведаю, ведаю! Але пакуль гэта мая сястрычка не абрыдне панічу, то ён на яе брата і на матку ня кіўне пальцам.

ЗОСЬКА

(увесь час сочыць за Сымонам і тапаром)

Братачка! Нашто ты сваю сястру так у балота топчаш? Яшчэ і паміма цябе яе людзі натопчуцца! Кінь дакучаць панічу і мне: гэтым бядзе не паможаш!

СЫМОН

Ха-ха-ха! Можа на калені скажаш стаць і маліцца перад ім? (Да ПАНІЧА). Чаго, паніч, прышоў сюды? Ці-ж табе мала, што яна туды, пад твой палац бегае? Ці-ж табе гэтага мала?

ПАНІЧ

Я прышоў табе сказаць: дакуль вы будзеце сядзець на маім полі?

СЫМОН

Я не на панічовым сяджу, а на сваім, і ніхто мяне згэтуль ня згоніць!

ПАНІЧ

А закон нашто?