Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ТРЭЦІ

ЗЬЯВА I

МАРЫЛЯ (адна)

МАРЫЛЯ

(сядзіць і шые торбу)

Ох! охо! Ня судзіла долячка скарыстаць з свайго дабрыца, як усе добрыя людзі карыстаюць! Падумаць толькі! Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі… па грамніцах кросны паставіла… колькі сьценак наткала… На кашулі сабе, нябожчыку і дзеткам ткала. Звалілася бяда, і ўсё пайшло марна: заместа кашуль — торбы шыю. Эх! эх! Сабе і дзецям — жабрацкія торбы. (Задумваецца).

ЗЬЯВА II

МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДЗЕЦІ

ЗОСЬКА

(уходзіць з пукам васількоў, за ёй — дзеці)

А ты ўсё шыеш, мамка?! Кіньце!.. Жудка мне становіцца ад гэтага твайго шыцьця. Мне здаецца, што ты нам усім жывым яшчэ сьмяротныя сарочкі шыеш. Кіньце, мамка, гэту сваю няшчасную работу! (Садзіцца і ўе вянок, каля яе — ДЗЕЦІ).

МАРЫЛЯ

(пры ўходзе Зоські далей шые)

Гэ! мая родненькая! А хто будзе шыць? Ты, можа? Што-ж мяне, цябе (паказваючы на ДЗЯЦЕЙ), іх, усіх нас чакае? Што? А пашыць трэба шмат, ох, як шмат гэтых сховаў на крошкі ад людзкога стала! Старац, які ў нас быў тады — помніш? — казаў, што чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Няпраўда, можа, скажаш? Га?

ЗОСЬКА

Мы яшчэ не жабракі, мамка!