Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта наша было, ёсьць і будзе. Мы ня прыблуды якія. Мы ня маем права і кроку даць адгэтуль у тую старану. Хай яны к нам ідуць, а ня мы к ім!

ДАНІЛКА

Ня вытрываеш — пойдзеш!

СЫМОН

Так! Але! Можа і праўда, можа нават і пабягу. (Загадліва). Але як і з чым?..

МАРЫЛЯ

Пакуль ты свайго дапнеш, што мы есьці будзем? Ні сам ня йдзеш нікуды ў заработкі, ні другім не пазваляеш. На мяне, матку тваю, і на гэтых малых ня маеш бога ў сэрцы. Эх! Сымон, Сымон! Губіш ты сябе і нас усіх.

СЫМОН

Ня бойся, мамка! Ня згублю! А калі згінем мы, то цэлы сьвет аб гэтым даведаецца, і праўда наверх выйдзе. Адно гора, што вы мне ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканьнем, а яна, Зоська, сваёй к таму ліпкасьцю ўпапярок дарогі мне становіцеся і топчаце тое, што я хачу сеяць.

ЗОСЬКА

(падходзіць к Сымону і кладзе яму руку на плячо)

Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакорны чалавек з цябе вышаў! Птушкаю-арлом быць-бы табе і лётаць па паднябесьсі, як лётае вецер гэты вольны! Толькі-ж бяда — крыльле ня дадзена табе, саколе ты мой зоркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты сееш. Хто ведае — можа ты горай сваёй гордасьцю топчаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ведае?

СЫМОН

(панура)

Бацькаўская магіла і крыж гэты ведае!

ЗОСЬКА

Непераменны ты, братка! Спапяліць гэта гордасьць табе душу і сэрца, у попел аберне. А злосьць людзкая апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўленьнем цэламу сьвету! Не сягоньня, то заўтра пойдзеш па таей