Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НЕЗНАЁМЫ

Ня ўтрымаеш, маці, свайго сына, калі ў ім кроў разгарыцца і душу яго да сьвятла пацягне. Пойдзе, хоць-бы зямля перад ім расступалася. З запаленай паходняй пойдзе праз пяскі халодныя і праз лагі балотныя туды, адкуль я к вам з гэтай весьцю прыходжу. Голас патаемны, што дагэтуль драмаў у глыбіне грудзей, павядзе яго так лёгка, што і не агледзіцца, а крыўда, якую бацькі яго цярпелі і ён сягоньня цярпіць, падганяць будзе яго; можа нават будзе гнаць яго на вельмі і вельмі страшэнныя рэчы. Але нічога — пойдзе і возьме сваё! (Паўза). Што, Сымон? Час ня сьпіць! Там чакаюць цябе сотні, тысячы, міліёны такіх, як ты, і ты, ведаю, на іх даўно чакаеш, толькі стараешся гэта заглушыць у сабе. Час прачнуцца, Сымоне! Час!

СЫМОН

(зьвесіўшы галаву, як-бы сам да сябе).

Кінуць матку, кінуць зямлю і пайсьці?! А ці знайду я там тое, што тут згублю? Ці знайду? Але штось цягне туды! Ачараваў ты мяне, чалавеча. На дзьве палавіны разрываюцца мае думкі і душа мая. Як-жа гэта неяк раптам прышло. Як-жа мне загадала страшную загадку — ні тут застацца, ні туды пайсьці?!

НЕЗНАЁМЫ

Час, Сымоне, час! Агляніся кругом сябе і ўспомні ўсё. Дагэтуль ніколі ты сьцежкі свае ня бачыў, бо вечна нязмытыя сьлёзы на вачох тваіх віселі, хоць чырвоная кроў з цябе капала на сьляды твае. Наганяў ты сабе мазалі непазбытыя, як араў і сеяў, а груганы пражорлівыя зярняты твае сьпелыя клявалі. Як нарадзіўся ты — штось думаў, штось рабіў, тварыў, а што? Нядолю сваю толькі з году ў год гадаваў і пашыраў панаваньне яе. Песень і казак чароўных шмат табе матка над калыскай тваёй напяяла; яны доўга ў душы тваёй жылі і радавалі цябе, а што з іх сягоньня засталося? Асьмяялі, аплявалі іх табе нязваныя госьці, мучыцелі твае — гора ды крыўда! Агляніся, Сыноме! Успомні, разваж усё! Успомні матку, сястру сваю ўспомні, га! і тую вяроўку, на якой бацька твой павесіўся! (Шыбка выходзіць).