А я, як той дурэнь, узяў дый спытаў:
— Скажы, браце, гдзе тут можна дастаць праклямацію?
— А вось я табе пакажу,—кажэ стражнік:—хадзі адно за мною.
„Стукайце і атчыніцца вам,“—успомніліся мне словы нашаго папа.
Як падышлі мы да канцэлярыі прыстава, тут толькі схамянуўся я, што папаўся, як лісіца ў саладуху.
Выходзіць прыстаў.
— Дак ты, гад, унь якая птушка! Аткрыта праклямаціі разносіш? Да чаго даходзіць дзёрзасць?!. Пасадзіць у кутузку!..
Цэлы тыдзень прасядзеў я ў прыстава, а пасьля адвялі мяне ў гарадзкую турму. От, зазнаў гора! аж-вошы. па мне пашлі… Месяцы праз тры выпусьцілі мяне, пасьмеяліся з маей дурноты на дапросе. А я гаварыў праўду.
— Эх, ты,—кажуць,—соціаліст, дэмакрат ты бязмозгі!
Сьмейцеся сабе, думаю я, цяпер я ўжо не такі дурэнь! Турма крыху навучыла мяне: не мала там людзей разумных сядзела…
Ў турме навучыўся я сьпеваць песьні.