Страявы Вайсковы Статут/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Страявы вайсковы статут
Падручнік
Аўтар: Віталь Мікула
1943
II

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I ЧАСТКА
АГУЛЬНЫЯ АЗНАЧЭНЬНІ.

1. Строй — дакладна вызначаны статутам парадак стральцоў і падразьдзелаў для іхнага супольнага разьмяшчэньня, руху і дзеяньняў.

2. Шэраг — стральцы стаяць адзін каля аднаго на аднэй лініі.

3. Трохшэрагавы строй — тры шэрагі стаяць на 80 см. узаплеч адзін за адным. Шэрагі называюцца першым, другім і трэцім. Пры паваротах строю назовы шэрагаў ня зьменьваюцца.

Да дзесяці чалавек строяцца у вадзін шэраг.

4. Рад — стральцы стаяць узаплеч адзін аднаму на 80 см.

Калі ў строю за стральцом першага шэрагу не стаіць стралец узаплеч у другім ці трэцім шэрагу, дык такі рад называецца няпоўным.

Калі выступіць стралец з першага шэрагу, дык ягонае месца займае заплечнік. Пры зьмене фронту у тыл стралец (камандзір) няпоўнага раду пераходзіць у франтовы шэраг.

5. Флангі — Правы канец строю называецца правым флангам; левы — левым. Пры паваротах строю назовы флангаў ня зьменьваюцца.

6. Фронт — кірунак строю, куды стральцы павернуты тварам, правы фланг — з правага боку, а левы — з левага.

7. Шырыня фронту — адлегласьць паміж флангамі строю.

8. Глыбіня строю — адлегласьць ад першага шэрагу (стральца) да апошняга шэрагу (стральца).

9. Водступ — адлегласьць паміж пададдзеламі, (стральцамі) у глыбіню, ад задняга шэрагу (стральца) пярэдняга пададдзелу да першага шэрагу (стральца) задняга пададдзелу.

10. Прамежак — адлегласьць паміж суседнімі аддзеламі, пададдзеламі і стральцамі ўздоўж фронту.

11. Калёна — строй, глыбіня якога большая за ягоную шырыню, або аднолькава з ёю.

12. Галава калёны — пярэдняя частка калёны. Хвост — задняя частка калёны.

13. Разгорнуты строй — пададдзелы разьмешчаны на аднэй лініі ў фроньце (у двух, трох шэрагах або калёнах) на прамежках, вызначаных статутам.

14. Кірунковы — стралец або пададдзел, што ідзе першым у вызначаным кірунку; усе іншыя стральцы або пададдзелы ідуць за кірунковым.

Строй кіруецца праз каманды і загады, якія падаюцца і голасам, сыгналамі, умоўнымі знакамі ды асабістым прыкладам. Для кіраваньня строем камандзір знаходзіцца там, адкуль яму зручней камандаваць і дзе яго могуць бачыць і чуць ўсе стральцы. Каманды падзяляюцца на падрыхтоўную і выканаўную. Побач з гэтым ёсьць каманды, якія азначаюць толькі выкананьне: «устаць», «зважай» і г. д. Падрыхтоўная каманда, аддаецца выразна, голасна і працяжна, так каб тыя, што стаяць у строю, зразумелі чаго патрабуе камандзір. Выканаўная каманда аддаецца пасьля кароткай паўзы за падрыхтоўнай голасна, адрывіста і энэргічна.

15. Загад — ёсьць выражэньне волі камандзіра вусна, пісьмова або умоўным знакам. Загад павінен быць заўсёды выкананы дакладна.

16. Каманда — вуснае выражэньне волі камандзіра, Каманда выконваецца зараз-жа пасьля яе адданьня і адначасна, калі яна скіравана да групы стральцоў.