Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Карусь Каганец/Прылукі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамова Прылукі
Апавяданьне
Аўтар: Карусь Каганец
1927 год
Што кажух, то ня вата
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прылукі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прылукі.

Ня летась, не залетась, а калісь у старыну, як мы самі сабою йшчэ жылі, тое, што казаць іму[1], было.

У адным месцы, абапол Птыча-ракі высяцца дзьве горкі дужа красныя, а пасярод ракі востраў ляжыць.

На той гарэ, што па праваму беразе, стаяў двор знатнага баярына, іменем Яраслаў.

Дый красен-жа той двор быў, увесь у садох, будынкі ўсе спраўныя былі, а ўвакруг тынам белым абведзены; а ад двара дый да шляху былі прысады ліповыя.

Быў дзень ясны, харошы, ведама, як у пачатку лета бывае, калі йшчэ лукі[2] зіхацяць кветкамі[3], птушкі заліваюцца рознымі галасамі, рыба ў рэчцы раз-у-раз плюхае, разганяючы шырока вакорыну, пчолы і ўсякія мошкі ды казяўкі[4] цэлымі роямі завіваюцца каля кветак.

Дзе ні глянь, усюды жыцьцё кіпіць, а сам пазіраеш, на ўсё гэта неяк радасна.

І вот па прысадах тых, у прыятным[5] прахалодзе любуючыся прыродаю і самі сабою, прахаджываліся малады баярын Яраслаў зы сваею[6] паняю — маладою жаною, краснаю Люблянаю. Ходзяць яны і цешацца, ажно дарога задуднела, і на ўзмыленым кані паявіўся, ўвесь запылены, княжы ганец і, сукланіўшыся баярству, павяшчае нядобрую навіну, што вораг рубеж перайшоў і дужа наш край пустошыць, і што князь прыказаў усім сваім баярам на вайну, чым дужы, пасьпяшаць. Баярын рад чыну даказаць, сабе славы прыдбаць; хутка сабраў сваю дружынку і паехаў.

Спачатку баярын слаў часта ганцоў да любое жонкі, а далей ні ганцоў, ні самога штось ня чутно стала. І затужыла вельмі красна[7] пані Любляна. Усё выходзіць на шлях і ў даль пазірае, ды ўсё дармо.

Прайшло лета, настала зіма, а любога Яраслава — як няма, так і няма.

Прышла ізноў вясна. Выйшла раз красна Любляна ў канец прысад і, як толькі на шлях зірнула, так дужа і зрадзела: бачыць, коціць дружына, а наперад — любы вараным канём едзе.

Ды нядоўга яе радасьць была, бо як той пад’ехаў бліжэй, пазнала, што гэта другі.

Той пад’ехаў, сукланіўся, а яна і думае: „можа ён што пра майго ведае?“

Просіць яго к сабе ў харому сапачыць трохі. Той рад прыстае, ідзе за ею ў сьвятліцу. Яна, яго за стол пасадзіўшы, гукнула на слугі, сказала прынесьці піва, мёду і ўсялякай стравы; стала яго частаваці і яго пытаці пра мужа любага.

Той, пагадаўшы, так ей павядае: „Ня хочацца мне табе, красна пані, жалю задаваці, ды мушу… Вото-ж бачыш, твой муж, а мой друг сардэчны, быў цяжка ў баю ранен і, уміраючы, кажа мне так:

„Слухай, дружа! у мяне е[8] жонка, дужа красная пані, а ты йшчэ не жанаты, так успакой мяне перад сьмерцю, бо мне скора канец, — пакляніся заступіці ей маё месца! Што-ж я меў рабіці? мусіў прысягнуць, і цяпер ад прысягі адступіціся[9] мне нельга… Так пані няхай мне выбачыць і будзе прыхільна!“

Тая, тое як учула, давай плакаць, галасіці і слухаць яго ня хоча.

Плакала яна дзень, плакала другі, а на трэці й падумала: „і чаго я гэтак плачу?.. што я тым памагу?.. адно лічка[10] сваё красна папсоваю[11]“… і на чацьверты дзень гутарку з ім прыятну павяла, а на пяты — так і жартаваці сталі; а далей — і пабраліся.

Прайшло ізноў лета, прайшла зіма, а за зімою вясна, а за вясною і лета настала.

Сядзяць гэта — той прыежджы баярын з краснаю Люблянаю, як галубке[12] ў парачцы, і сабою цешацца ды любуюцца; ажно разам Любляна — як крыкне і, хапіўшыся за сэрца, абамлела. Той — зірк: бачыць — перад ім Яраслаў стаіць… Хапіліся сьпярша за шаблі, а далей Яраслаў, адумаўшыся, кажа: „адзін з нас павінен умерці, дык няхай Бог судзіць — каму. Вазьмі ты сабе лук і сагайдак з стрэламі і ідзі на гару за рэчку, а я вазьму сабе і стану на гэтай гарэ, і будзем страляцца“.

Як сказаў, так і ўчынілі: выпусьцілі па страле — нічога; выпусьцілі па другой — нічога, а па трэцяй, як выпусьцілі, так абодва і асунуліся, як два падкошаныя каласочкі.

Тое мейсца з тых пор „Прылукамі“ стала звацца.

І цяпер там стаяць мураваныя харомы і ліповыя прысады, і жыве там пан дужа багаты, толькі той пан цяперашні — ня наш, а прышлы з памор’я, але дабраваты сабе.



  1. Старая форма — казаціму; маю, буду казаць, скажу.
  2. Лугі, сенажаці.
  3. Пол. — краскамі.
  4. Лепей — казуркі.
  5. Рус. — прыемным.
  6. З сваею.
  7. Правільна — красная.
  8. Ёсьць.
  9. Прав. — адступіцца.
  10. Рус. — тварык.
  11. Папсую.
  12. Пров. — галубкі.