Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Бярозка/Вучоны бык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Заморскі зьвер Вучоны бык
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Зарабляюць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вучоны бык.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вучоны бык.

Павёў Язэп бычка-трацячка на рынак прадаваць; на дарозе спатыкае салдатаў; тыя і пытаюцца Язэпа:

— Куды, старча, бычка вядзеш?

— На торг прадаваць вяду, — кажа Язэп, — такі нейкі няўдалы, наравісты ўдаўся, што рады даць не магу.

— Эх, дурны ты, землячок, — кажуць салдаты, што-ж ты возьмеш за гэткую злыбіну?[1] Аддай лепш нам яго на навуку ў горад на які год, дык прынамсі пасьля жмені са тры грошы згорнеш.

Падумаў, пачухаў патыліцу Язэп, — падумаў — згоздіўся і аддаў бычка на навуку салдатам, а сам вярнуўся да дому.

Мінуў год; пайшоў Язэп у горад па свайго быка. Дапытаўся салдатаў, каторым аддаў сваю жывёлу на навуку, прыходзе да іх і пытае:

— Ну, землячкі, як мой падласы? Чы[2] добра навучыўся?

— Ах, каб ты ведаў, кажуць яны, якой бяды набраліся мы з ім! Сьпярша — як сьпярша: брыкаўся, тузаўся, бадаўся[3], — але неяк далі рады: ўгаманіўся[4]; толькі, як прыйшло ўжо да самой, навукі, то так скора пачаў браць усё ў свой бычачы розум, што аж рогі паападалі, шэрсьць выпаўзла, стаў хадзіць на дзьвёх нагах, словам, зусім падабнюсенькі стаўся да чалавека, а які разумны, аж дзіва!

Ну, я яму скора выганю гэты розум з галавы, кажа Язэп, толькі вядзеце мяне ў хлеў, дзе ён стаіць!

— Звар’яцеў ты, чалавеча, ці што? — кажуць салдаты, — праўда, чакаў ён цябе, але жыць болей з намі не захацеў: дагадзіць яму не маглі патрапіць, а перабраўся ён цяпер на сваю кватэру і чутно, папаў у вялікія чыноўнікі.

— Пакажэце тыкеля[5] просіць Язэп, дзе ён жыве, а я ўжо сам дам рады: — нябось, пастронкі моцныя[6], ўзяў.

Салдаты завялі Язэпа, паказалі дом, куды ісьці, а самі ўцяклі. Язэп, убачыўшы на дварэ нейкага чалавека, пытае: дзе тут жыве бык?

— Ня бык, адказвае той, а Быкоў, вун у тыя дзьверы ідзі. Раскруціўшы пастронак і прыгатаваўшы цугу, сьмела Язэп адчыняе адны-другія дзьверы і апынуўся ў вялікім пакоі, дзе ўбачыў абедаючага за сталом пана,

— Табе чаго? — пытае той.

Язэп, падміргіваючы адным вокам, зарагатаў і кажа:

— Іш[7] ты падласы, які ласун! Нябось, не спазнаў гаспадара.

— Вон пашоў! — крыкнуў пан, выскачыўшы з-за стала.

— Быську, быську, — стаў усьцішваць Язэп разгневанага пана, але той рынуўся на яго з кулакамі.

Язэп, доўга не чакаючы, закінуў на пана пастронак, зацягнуў яго, ды давай акладваць пугай…

Няма ведама, чым-бы гэта скончылася, каб ня зьбегліся на крык людзі і не абаранілі пана.


  1. нягодную рэч, жывёлу.
  2. Полён. — ці.
  3. Русыцізм — пабеларус. — калоўся.
  4. Таксама; пабелар. — сьцішэў.
  5. З польск. — tak wiele, толькі.
  6. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  7. Русіц. — вишь, видишь; пабеларуску — бачыш, бач