Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/Б/Цётка/Лішняя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асеньнія лісты Лішняя
Апавяданьне
Аўтар: Цётка
1927 год
Зялёнка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лішняя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лішняя.

Па збледлым твары хадзілі хмары дум. То наплывалі густа, зьбіваліся ў вачох сталёвым блескам — выглядала, што ўжо-ўжо зьбіраецца на буру, але шалёны спазм[1] крыку зьдзержваў нейкі ясны праменьчык[2], выскаўзнуўшыся з куткоў лялек, і нешта чыстае, вялікае без канца і званьня[3] біла ад ліца[4] ў алтар з запаленымі сьвечкамі.

Арган граў. Устаўленыя шпалерам[5] мірты[6] млелі ў цёплым сьвятле касьцёла. Ішлі пары за парамі. Белы шоўк сплываў нявінна па іх гібкіх станах. Весела шаптаўся народ і ждаў[7].

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Цікавых карагод узглядаў ткаў цень на каберцы. Акорды[8] змагаліся ўсё вышэй і вышэй. — Здавалася, што вось-вось зачэпяць за аблокі і адчыніцца неба. Ццыт......Міртавай дарогай рука ў руку лынае моладасьць… Цьвет толькі раз цьвітучы..........

Першае дыханьне вясны бяз хмарак.....Ідуць, загледжаны ў сябе, а праз іх вочы сьцелецца зорная дарога гэт....гэт....

Надзея ў брылянтовым вянку над бяздоннай глыбяй.......

Клалі пярсьцёнкі на тацу[9]. Слабы звон золата гостра перакасіў сумны твар адзінокай. Заснавалі быстра хмары чорна чарней, чорна чарней. Ясныя праменьчыкі пужліва зьбягалі ў сярэдзіну Уся яна лекацела[10], як расхадзіўшаеся ў берагох мора. Ўзарваўся ўздых; — нізка пахіліліся сьвечы сваім полымем у старану яго. Закалыхаліся мірты. Па зорнай дарозе прайшоў гром-пярун…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Увесь абрад[11] прысьпешна скончыўся. Няскладна станавіліся ў пары. Гаварылі прыцішаным голасам. Як-бы нічога ня сталася, а кожны баяўся паза сябе аглянуцца. Маладыя першымі адыходзілі. Пры дзьверах з-за хвіляр пужліва высунулася жабрачка і падала лілію маладому. Яго твар, шчэ прад мінутай так шчасьлівы, — асунуўся і згас. Дрыжачай рукою заціснуў кветку і шапнуў: «Падзякуй ёй». А з белай ліліі глядзела раса нявіннымі, чыстымі слязьмі…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Разьбіралі мірты. Тушылі сьвечкі. Пакрысе выступаў шкілет пышнага хараства. Байка таяла[12] ў тумане…

Усе вышлі, адзін закрыстыян[13] варочаў ключом у заржаўленым замку. Як цень, апошняя пераступіла парог касьцёла, хацела зьвярнуць направа, але цярністая дарога маніла туды… туды… ў сьлед карэт… туды, гдзе чарадзейка-доля астаткі байкі рвала…

Ішла і хісталася, ставала, глядзела расшыранымі вачыма ў немату ночы і пытала: „А мне?… а я?… а маё дзе месца ў жыцьці?“ Ламала рукі, а з памятых[14] губ рвалася ні то пытаньне, ні то пракляцьце: „ось і сьвет. хвалёны вялікім прасторным, а мне некуды дзецца на ём… забыцца…“ Эха рвала жальбу дзяўчыны і быстра каціла па халодных каменьнях вуліцы. А яна біла галавой аб мур: „Адна, адна, пуста!“ хапіла сябе за грудзі: „тут пуста! тут рана вялікая, жывая паліць! А — а — а — а!“ ёйкала з болю. „Во, глядзі, Божа!“ голас ламаўся ў бяспамяцтве, а хрыплая скарга біла мацней[15] і мацней у глухаце ночы. Блуд прыступаў быстра.

„Літасьцівы — ха — ха — ха!“…

„Міласэрны — гу — гу — гу — гугу!“…

Прыпаднялася на пальцы і плюнула…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

А высь бязьмерная спакойна глядзела мільёнамі зор. Ціха было і бясхмарна.

„Маўчыш“… зашаптала, „маўчыш“… маўчыш“.

Адна з ясных зор замігацела, памуцілася; залатым клубком іскар[16] паляцела на зямлю. Упалы сьвет магільным оклічам падхапіла бязладная мысьль[17] збунтаванай душы.

„Мая ўпала“! крыкнула: „мая“ і пачала ўцякаць“. Не! не! маей зары ўжо няма. Упала… упала… няма!..

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Горад[18] радзеў; пацягнуліся загоны, кусты, рэка туж засінела. Дабегшы, прыкуцнула зьля берагу[19], і вачыма ўставілася на ваду: „Так… так!..“ цяжка дышучы загаварыла да сябе ў поўголас, як-бы што ўспамінаючы; «Ага… так… убачыць яго… сказаць усё… усё…

Услужная памяць прыадчыніла дзьверы прошламу; як ў абразох уставала і праходзіла прад яе вачыма, як-бы на адвітаньне. Мілыя, без канца багатыя мінуты сьмяяліся да яе, ласкаліся[20] весьнянымі ўздохамі, апляталі чаромхі шэптам змучаныя мазгі. Перажыты рай ставаў цяперашнім. Засьмяялася да ігрывых хімэр[21] і паверыла абману. — Краса жыцьця ўва ўсё! А яна ідзе шчасьлівая сваім хараством, гордая буйнай моладасьцяй, з надзеяй, што нешта вялікае, нясказанае жджэ яе ўперадзе… Чароўнаму туману забыцьця паддалася ўся, спакойна ўжо спакоем бясьсільнай. Схіліла галаву над вадой. Вочы, поўныя мягкіх тонаў блудзілі ціха па сініх хвалях глыбіні. Месяц іх сьляды засыпаў расою. Шэптам, віхрамі павеяў страх з яе ўзгляду. У рацэ спаткала адбіцьцё сваей постаці. Як мара загробна, глядзеў на яе балесны[22] твар. Ігрывыя[23] хімэры стаялі ў міг. У вушох зазьвінела золата. Полымя свечак хібанула ў кроў. З аргану грозна пасыпаліся громы. Зноў праўда-вужака з дзікім гогатам прыступіла да ахвяры[24]. І рванулася з усей сілы, і — кінулася ў ваду.............Назаўтра па сільнай працы плыў труп; у спакойных яго вачох іграла сонейка. Сьледам за ім быстра надбягала рэха тужлівай песьні плотніка. Гнаў дубы, сьпяваў[25] і думаў, што там у хаце мілай сумна.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

А на дне русалкам-сёстрам новая госьця былі складала.



  1. Русіцызм; пабеларуску — сударага.
  2. Лепей — коска.
  3. Рэшты, згалеў да званьня — зу-сім
  4. Рус. — твару.
  5. Радом.
  6. Расьліна цёплых краін.
  7. Лепш — чакаў.
  8. Франц.: гарманічнае злучэньне некалькіх тонаў у песьні, музыцы.
  9. Падстаўка.
  10. Траслася.
  11. Царамонія
  12. Танула.
  13. Прыслужнік у касьцёле.
  14. Русіц.: пакамечаных.
  15. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  16. Іскраў.
  17. Лепей — думка.
  18. Ужываецца — места, але правільна і горад.
  19. Ля берагу, каля берагу.
  20. Рус. — лашчыліся
  21. Хімэра, у грэцкай мітолёгіі — чудзішча, страшыла, выкідаючае агонь, з львінай галавой, зьмяіным хвастом і тулавам казы. Цяпер — цяжкія думкі.
  22. Полён. — збалелы.
  23. Русіц. — гульлівыя.
  24. З ням. — Opter.
  25. Ужываецца болей — пяяў.