Шчаслівая дарога (1935)/Шчаслівы пуць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Выстрал на граніцы Шчаслівы пуць
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1935 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчаслівы пуць

1

Той, хто чулым сэрцам чуе
Цішыню лясоў начную,
Подых ветра, ўзлёт савы,
Шэлест шоўкавай травы,
Той, хто ў цемры таямнічай
Бачыць вокам вартаўнічым,
Што дрыжыць трывогай ліст,
Што змяінай пуцявінай
Лезе ў нашую краіну
Шпік, а з ім кантрабандыст,
І абоіх ваяўніча
Затрымае, даўшы бой —
Той — сапраўдны пагранічнік,
Большэвіцкіх спраў герой!
Наша дзіўная краіна
Смела можа і павінна
Расцвітаць і ганарыцца
Вартаўнічымі граніцы,
Ад Заслаўя,
І — далёка —
Да агнёў Владзівастока,
Бо граніцы вартаўнік
І герой і большэвік!

Будзь спакойным, будаўнічы,
Мурам скута пагранічча,
І на варце пільны зрок.
Хай раз‘юшаныя хлынуць —
Узарвуць іх нашы міны,
Ператруць на парашок.

2

Веем сонечнай зарніцы
Дзень прыходзіць на граніцу.
Пачынаецца спачатку
Фізкультурная зарадка,
А затым палітхвіліна
Пра апошнія навіны,
Што змянілася, што стала
У краінах капітала.

А навін за ноч і дзень —
Цэльны сшытак-бюлетэнь.

Слова ў слова, кожны гук,
Што расказваў палітрук,
Слухаў Грышка.
Грышка смела,
Што было незразумелым
Падыходзіў і пытаў.
І з ахвотаю, спачатку
Палітрук палітзарадку
Зноў для Грышкі пачынаў.

Стаў ён родным, стаў ён блізкім,
Быццам тут ён ад калыскі.
Ён здружыўся, стаў, як брат,
Ён здаволены, ён рад —
Тут яму раскрылі вочы.
Тут былы кулацкі хлопчык
У віры людскім, віхрыстым,
У агні байцоў-чэкістаў
Перакоўваўся, як сталь.

Для яго пагранзастава
Стала дзіўнай пераправай
Ад маны і ад тугі —
Ў свет вялікі, ў свет другі.

Ў свет — дзе шчасцем сонца рэе,
Дзе крылатых песень звон,
Дзе зарой зямля рунее,
Дзе красуе працы плён.

Грышка ведаў, што адвеку
Два шляхі на свеце ўтканы:
Шлях тугі, праклёнаў, здзекаў
І шчаслівы шлях, вясняны.

І што быў яшчэ дагэтуль
Пад страхой старога свету.
І што ён цяпер другі,
І другія берагі,
І зусім другі народ!

Як канчаўся час канікул,
Апынуўся, як на стыку.
Сэрца білася балюча.
Ён журбой разлукі скручан.
Рваўся ён, хацеў прасіцца,
Каб астацца на граніцы.
Як іржа, лягла дасада:
— Як тут быць? Хто дасць параду?

Кожнай жылкай сэрца зросся
Ён з байцамі пагранічча.
Чуе, кроў гудзіць нязвычна!
Выязджаць яму прышлося.

Ў гэты дзень і шчырым гэтак
Быў надзіва Грышка з Нэттай.
Ён казаў-расказваў ёй
Пра жыццёвы скрутак свой.
Ён не мог не расказаць
Кім ён быў, кім хоча стаць.

Нэтта Грышку спачувала,
А затым пад звонкі смех
Грышку снегам закідала
І сама зляцела ў снег.

— Кінь ты плесці лапці з лыка,
Страсаніся, досыць хныкаць!
Нас наперадзе чакае
Барацьба і працы шмат.
Едзем, Грышка, нас спаткаюць —
Горад, школа, інтэрнат.

А над імі лётным колам
Віўся птушак строй вясёлы.
Птушкі кружацца, гудуць:
— У добры час!
— Шчаслівы пуць!