Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Першае падарожжа на месяц

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пчаліны пастух і мядзведзі Першае падарожжа на месяц
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Пакараная сквапнасць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШАЕ ПАДАРОЖЖА НА МЕСЯЦ

На шчасце, я ўспомніў, што ў Турцыі ёсць такая гародніна, якая расце вельмі хутка і часамі дарастае да самага неба.

Гэта — турэцкі боб. Ні хвіліны не марудзячы, я пасадзіў у зямлю адзін з такіх бабоў, і ён адразу-ж пачаў расці.

Ён рос усё вышэй і вышэй і неўзабаве дацягнуўся да месяца.

— Ура! — закрычаў я і палез па сцяблу ўверх.

Праз гадзіну я апынуўся на месяцы.

Нялёгка мне было знайсці на месяцы свой срэбраны тапорык. Месяц срэбраны, і тапорык срэбраны — срэбра на срэбры не відаць. Але нарэшце я ўсё-ж такі адшукаў мой тапорык на кучы гнілой саломы.

Я з радасцю засунуў яго за пояс і хацеў спусціцца ўніз на зямлю.

Але не тут-то было: сонца высушыла мой бабовы сцебялёк, і ён рассыпаўся на дробненькія часткі.

Убачыўшы гэта, я ледзь не заплакаў ад гора.

Што рабіць? Што рабіць? Няўжо мне ніколі не вярнуцца на зямлю? Няўжо я так і астануся ўсё жыццё на гэтым сумным месяцы? О, не! Нізавошта! Я падбег да саломы і пачаў віць з яе вяроўку. Вяроўка вышла нядоўгая, але што за бяда! Я пачаў спускацца па ёй. Леваю рукой я ссоўваўся па вяроўцы, а ў правай трымаў тапорык.

Але хутка вяроўка скончылася, і я павіснуў у паветры, паміж небам і зямлёю. Гэта было страшна, але я не спалохаўся. Доўга не думаючы, я схапіў тапорык і, моцна ўзяўшыся за ніжні канец вяроўкі, адсек яе верхні канец, ды прывязаў яго да ніжняга. Гэта дало мне магчымасць апусціцца ніжэй да зямлі.

Але ўсё-ж да зямлі было далёка. Шмат разоў прыходзілася мне адсякаць верхнюю палавіну вяроўкі і прывязваць яе да ніжняй. Нарэшце я апусціўся так нізка, што мог разгледзець гарадскія будынкі і палацы. Да зямлі аставалася ўсяго тры або чатыры мілі.

І раптам — які жах! — вяроўка адарвалася. Я грымнуўся на зямлю з такою сілай, што прабіў яму глыбінёю не менш як на поўмілі.

Прышоўшы да памяці, я доўга не ведаў, як мне выкарабкацца з гэтай глыбокай ямы. Цэлы дзень я не еў, не піў, а ўсё думаў і думаў. І нарэшце — дадумаўся: выкапаў пазногцямі ўсходкі і па гэтай лесвіцы ўскарабкаўся на паверхню зямлі.

О, Мюнхаузен нідзе не загіне!