Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Сырны востраў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Другое падарожжа на месяц Сырны востраў
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Караблі, праглынутыя рыбай

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЫРНЫ ВОСТРАЎ

Не мая віна, калі са мною здараюцца такія дзівы, якія яшчэ не здараліся ні з кім.

Гэта таму, што я люблю падарожнічаць і заўсёды шукаю прыгодаў, а вы сядзіце дома і нічога не бачыце, акрамя чатырох сцен свайго пакоя.

Аднойчы, напрыклад, я адправіўся ў далёкае плаванне на вялікім галандскім караблі. Раптам у адкрытым акіяне на нас наляцеў ураган, які ў адзін момант пазрываў у нас усе парусы і паламаў усе мачты.

Адна мачта ўпала на компас і разбіла яго на кавалачкі.

Усім вядома, як трудна кіраваць караблём без компаса. Мы збіліся з дарогі і не ведалі, куды мы плывем.

Тры месяцы нас кідала на хвалях акіяна з боку ў бок, а потым занесла невядома куды. І вось аднае раніцы мы заўважылі незвычайную перамену ва ўсім. Мора з зялёнага зрабілася белым. Ветрык даносіў нейкі кволы, прыемны пах. Нам стала надта весела.

Неўзабаве мы ўбачылі прыстань і праз гадзіну ўвайшлі ў прасторную глыбокую гавань. Заместа вады ў ёй было малако!

Мы паспяшылі высадзіцца на бераг і пачалі прагна піць з малочнага мора.

Сярод нас быў адзін матрос, які не мог цярпець паху сыра. Калі яму паказвалі сыр, яго пачынала нудзіць. І вось, толькі мы высадзіліся на бераг, як яму стала млосна.

— Забярыце ў мяне з-пад ног гэты сыр! — крычаў ён. — Я не хачу, я не магу хадзіць па сыру!

Я нагнуўся да зямлі і ўсё зразумеў.

Востраў, да якога прыстаў наш карабель, быў зроблен з добрага галандскага сыра.

Так, так, не смейцеся, я расказваю вам шчырую праўду: заместа гліны ў нас пад нагамі быў сыр.

Не дзіва, што жыхары гэтага вострава харчаваліся амаль выключна сырам! Але сыра гэтага не станавілася менш, бо за ноч яго вырастала роўна столькі, колькі было з‘едзена за дзень.

Увесь востраў быў пакрыты вінаграднікамі, але вінаград там асаблівы: сціснеш яго ў кулаку — з яго заместа соку цячэ малако.

Жыхары вострава высокія, прыгожыя людзі. У кожнага з іх па тры нагі. Дзякуючы тром нагам яны добра могуць трымацца на паверхні малочнага мора.

Хлеб тут расце печаны, проста ў гатовым выглядзе, так што жыхарам гэтага вострава не прыходзіцца ні сеяць, ні араць. Я бачыў многа дрэваў, увешаных салодкімі мядовымі аладкамі.

У час нашых пагулянак па Сырным востраве мы адшукалі сем рэчак, у якіх цякло малако, і дзве рэчкі, у якіх цякло густое і смачнае піва.

Прызнаюся, гэтыя піўныя рэчкі спадабаліся мне больш за малочныя.

Наогул, гуляючы па востраву, мы бачылі многа цудаў.

Асабліва здзівілі нас птушыныя гнёзды. Яны былі надзвычайна велізарныя. Адно арлінае гняздо, напрыклад, было вышэй за самы высокі дом. Яно было ўсё сплецена з велізарных дубовых ствалоў. У ім мы знайшлі пяцьсот яец, кожнае яйцо велічынёю з добрую бочку.

Мы разбілі адно яйцо, і з яго вылезла птушанё, разоў у дваццаць большае за дарослага арла.

Птушанё запішчала. Яму на дапамогу прыляцела арліца. Яна схапіла нашага капітана, падняла яго да бліжэйшай хмары і адтуль шпурнула ў мора.

На шчасце, ён быў выдатны плавец, і праз некалькі гадзін даплыў да Сырнага вострава.

У адным лесе я быў сведкай як катавалі людзей.

Астравіцяне павесілі на дрэве трох чалавек дагары нагамі. Няшчасныя стагналі і плакалі. Я спытаў іх, за што іх так жорстка караюць. Мне

адказалі, што яны — вандроўнікі, якія толькі што вярнуліся з далёкага падарожжа і бессумленна хлусяць аб сваіх прыгодах.

Я пахваліў астравіцян за такую мудрую расправу з ашуканцамі, таму што я не цярплю ніякага ашуканства і заўсёды расказваю адну толькі чыстую праўду.

Між іншым, вы, напэўна, і самі заўважылі, што ва ўсіх маіх апавяданнях няма ніводнага слова маны. Маны я не цярплю, і я шчаслівы, што ўсе мае блізкія заўсёды лічылі мяне праўдзівейшым на зямлі чалавекам.

Вярнуўшыся на карабель, мы адразу-ж паднялі якар і адплылі ад цудоўнага вострава.

Усе дрэвы, што раслі на беразе, нібы па нейкаму знаку, двойчы пакланіліся нам у пояс і зноў выпрасталіся, нібы нічога і не было.

Расчулены іх незвычайнай ветлівасцю, я зняў капялюш і паслаў ім развітальнае прывітанне.

Якія далікатныя дрэвы, ці-ж не праўда?