Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

твар: ён дыхаў цяжка, парываўся ўсім целам і паторгваў ручкамі, як гэта робяць усе здаровыя дзеці; але шчогальская кашулька відаць на яго падзейнічала; здаволенасць была на ўсёй яго пухлай фігурцы. Фенічка і свае валасы ўпарадкавала, і намітку надзела лепшую; але яна магла-б застацца, як была. І сапраўды, ці ёсць на свеце што-небудзь чароўней за маладую, прыгожую маці з здаровым дзіцем на руках?

— Які карантыш, — ласкава прагаварыў Павел Пятровіч і паказытаў падвойны падбародак Міці канцом доўгага пазногця на паказальным пальцы; дзіця ўставілася на чыжа і засмяялася.

— Гэта дзядзька, — прамовіла Фенічка, схіляючы да яго свой твар і злёгку яго ўстрасаючы, між тым як Дуняша ціхенька ставіла на акно запаленую курыльную свечку, падклаўшы пад яе грош.

— Колькі гэта яму месяцаў? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Шэсць месяцаў; хутка вось сёмы пойдзе, адзінаццатага чысла.

— Ці не восьмы, Фядос’я Нікалаеўна? — не без боязкасці ўмяшалася Дуняша.

— Не, сёмы, як можна! — Дзіця ізноў засмяялася, уставілася на сундук і раптам схапіла сваю маці ўсёй пяцярнёю за нос і за губы. — Балаўнік, — праказала Фенічка, не аднімаючы твара ад яго пальцаў.

— Ён падобен на брата, — заўважыў Павел Пятровіч.

«На каго-ж яму і быць падобным?» — падумала Фенічка.

— Але, — казаў, як-бы гаворачы з самім сабой, Павел Пятровіч, — бясспрэчнае падабенства. — Ён уважна, амаль смутліва паглядзеў на Фенічку.

— Гэта дзядзька, — паўтарыла яна, ужо шэптам.

— А! Павел! вось дзе ты! — пачуўся раптам голас Нікалая Пятровіча.

Павел Пятровіч хапатліва павярнуўся і нахмурыўся; але брат яго так радасна, з такой удзячнасцю глядзеў на яго, што ён не мог не адказаць яму усмешкай.

— Слаўны ў цябе хлапчына, — прамовіў ён і паглядзеў на гадзіннік; — а я завітаў сюды наконт чаю...

І зрабіўшы роўнадушны выгдяд, Павел Пятровіч зараз-жа вышаў вон з пакоя.

— Сам сабою зайшоў? — спытаўся ў Фенічкі Нікалай Пятровіч.

— Самі-с; пастукаліся і ўвайшлі.

— Ну, а Аркаша болей у цябе не быў?

— Не быў. Ці не перайсці мне ў флігель, Нікалай Пятровіч?