Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта чаму?

— Я думаю, ці не лепей будзе на першы час.

— Н... не, — вымавіў з запінкаю Нікалай Пятровіч і пацёр сабе лоб. — Трэба было раней... — Здароў, пузыр, — прагаварыў ён з раптоўным ажыўленнем і, падышоўшы да дзіцяці, пацалаваў яго ў шчаку; потым ён нагнуўся крыху і прыклаў губы да Фенічкінай рукі, якая бялела, як малако, на чырвонай кашульцы Міці.

— Нікалай Пятровіч! што вы гэта? — пралепятала яна і апусціла вочы, потым ціхенька падняла іх... Чароўны быў выраз яе вачэй, калі яна глядзела як-бы спадлоба, ды пасмейвалася ласкава і крышку недарэчна.

Нікалай Пятровіч пазнаёміўся з Фенічкай наступным чынам. Аднойчы, гады тры таму назад, яму давялося начаваць на пастаялым дварэ ў далёкім павятовым горадзе. Яго прыемна здзівіла чыстата адведзенага яму пакоя, свежасць пасцельнай бялізны: ужо ці не немка тут гаспадыня? прышло яму на думку; але гаспадыня аказалася руская, жанчына гадоў пяцідзесяці, ахайна адзетая, з прыстойным разумным тварам і паважнаю гаворкаю, Ён разгаварыўся з ёю за чаем; вельмі яна яму спадабалася. Ніколай Пятровіч у той час толькі што перасяліўся ў новы свой маёнтак і, не жадаючы трымаць пры сабе прыгонных людзей, шукаў наёмных; гаспадыня, з свайго боку, скардзілася на малы лік праязджаючых у горадзе, на цяжкія часы; ён прапанаваў ёй паступіць да яго ў дом у якасці эканомкі; яна згадзілася. Муж у яе даўно памёр, пакінуў ёй адну толькі дачку, Фенічку. Тыдні праз два Арына Савішна (так звалі новую эканомку) з’явілася разам з дачкою ў Мар’іна і пасялілася ў флігелі. Выбар Нікалая Пятровіча аказаўся ўдалым. Арына завяла парадак у доме. Пра Фенічку, якой тады мінуў семнаццаты год, ніхто не гаварыў, і рэдка хто яе бачыў: яна жыла ціхенька, скромненька, і толькі па нядзелях Нікалай Пятровіч заўважаў у прыходскай царкве, дзе-небудзь у бачку, тонкі профіль яе беленькага твара. Так прайшло больш года.

Адною раніцаю Арына з’явілася да яго ў габінет і, як зазвычай, нізка пакланіўшыся, спыталася ў яго, ці не можа ён дапамагчы яе дачцы, якой іскра з печкі трапіла ў вока. Нікалай Пятровіч, як усе дамаседы, займаўся лячэннем і нават выпісаў гомеапатычную аптэчку. Ён зараз-жа загадаў Арыне прывесці хворую. Даведаўшыся, што пан яе кліча, Фенічка вельмі перапалохалася, аднак пайшла за маткаю. Нікалай Пятровіч падвёў яе да акна і ўзяў яе абодвума рукамі за галаву. Разгледзеўшы добра яе пачыр-