Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ёй: прыкметна было, што ён прывык патураць ёй ва ўсім. Ён толькі часамі добрадушна паглядаў на мяне і злёгку паціскаў плячом, нібы жадаючы сказаць: «Яна дзіця; будзьце спагадлівы». Як толькі скончыўся абед, Ася ўстала, зрабіла нам кніксен і, надзяваючы капялюш, запыталася ў Гагіна: ці можна ёй пайсці да фрау Луізе?

— Ці даўно ты стала пытацца? — адказваў ён са сваёй нязменнай, на гэты раз некалькі збянтэжанай усмешкай: — хіба табе нудна з намі?

— Не, але я ўчора яшчэ абяцала фрау Луізе пабываць у яе; прытым-жа, я думала, вам будзе лепш удваіх, п. Н. (яна паказала на мяне) што-небудзь яшчэ табе раскажа.

Яна пайшла.

— Фрау Луізе, — пачаў Гагін, стараючыся ўнікаць майго позірку: — удава тутэйшага бургомістра, добрая, між іншым, пустая старэнькая. Яна вельмі палюбіла Асю. У Асі страсць знаёміцца з людзьмі ніжэйшага круга: я заўважыў, прычынаю гэтага заўсёды бывае гордасць. Яна ў мяне вельмі спешчаная, як бачыце, — дадаў ён, крыху памаўчаўшы: — ды што будзеш рабіць. Патрабаваць я ні ад каго не ўмею, а ад яе — тым больш. Я абавязан быць ласкавым з ёю.

Я прамаўчаў. Гагін перамяніў размову. Чым больш я пазнаваў яго, тым мацней я да яго прывязваўся. Я хутка яго зразумеў. Гэта была проста руская душа, праўдзівая, сумленная, простая, але, на жаль, крыху вялая, без чэпкасці і ўнутранага агню. Маладосць не кіпела ў ім; яна свяцілася ціхім святлом. Ён быў вельмі мілы і разумны, але я не мог сабе ўявіць, што з ім станецца, як толькі ён узмужае. Быць мастаком… Без горкай, заўсёднай працы не бывае мастакоў… а працаваць, думаў я, гледзячы на яго мяккія рысы, слухаючы яго няспешную гаворку, — не! працаваць ты не будзеш, сціснуцца ты не здолееш. Але не палюбіць яго не было магчымасці: сэрца так і цягнулася да яго. Гадзіны чатыры правялі мы ўдваіх, то седзячы на канапе, то павольна ходзячы перад домам, і за гэтыя чатыры гадзіны сышліся канчаткова.

Сонца зайшло, і мне ўжо час быў ісці дадому. Ася ўсё яшчэ не вярталася.

— Якая яна ў мяне вольніца! — сказаў Гагін. — Хочаце, я пайду праводзіць вас? Мы, па дарозе, зойдзем да фраў Луізе; я запытаю, ці там яна? Наклад невялікі.

Мы спусціліся ў горад і, звярнуўшы ў вузкі, крывы завулачак, спыніліся перад домам у два акны шырынёю і вышы-