Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

я мімаволі любаваўся яе лёгкасцю і спрытам. На адным небяспечным месцы яна знарок крыкнула і пасля зарагатала… Мне стала яшчэ больш прыкра.

— Ды яна як каза лазіць, — прамармытала сабе пад нос старая, на момант адарваўшыся ад сваёй панчохі.

Нарэшце, Ася апаражніла ўсю сваю шклянку і, гарэзліва пагойдваючыся, вярнулася да нас. Дзіўная ўсмешка злёгку падзёргвала яе бровы, ноздры і губы; напоўдзёрзка, напоўвесела жмурыліся цёмныя вочы.

«Вы лічыце мае паводзіны непрыстойнымі, — здавалася, гаварыў яе твар: — усероўна: я ведаю, вы мною любуецеся».

— Умела атрымліваецца, Ася, умела, — прагаварыў Гагін сцішка.

Яна раптам як быццам засаромілася, апусціла свае доўгія расніцы і скромна падсела да нас, як вінаватая. Я тут упершыню добра разгледзеў яе твар, самы зменлівы твар, які я толькі бачыў. Праз некалькі імгненняў, ён ужо ўвесь пабялеў і набыў сканцэнтраваны, амаль сумны выраз; самыя рысы яе мне паказаліся большымі, стражэйшымі, прасцейшымі. Яна ўся сціхла. Мы абыйшлі руіны навокал (Ася ішла ўслед за намі) і палюбаваліся відамі. Між тым час абеду набліжаўся. Расплачваючыся са старой, Гагін папрасіў яшчэ кружку піва і, павярнуўшыся да мяне, усклікнуў з хітраватай грымасай:

— За здароўе дамы вашага сэрца!

— А хіба ў яго, — хіба ў вас ёсць такая дама? — запыталася раптам Ася.

— Ды ў каго-ж яе няма? — запярэчыў Гагін.

Ася задумалася на момант; яе твар зноў змяніўся, зноў паявілася на ім бойкая, амаль дзёрзкая ўсмешка.

Ідучы назад яна яшчэ горш рагатала і сваволіла. Яна зламала доўгую галіну, паклала яе сабе на плячо, як стрэльбу, абвязала галаву шарфам. Памятаецца, нам сустрэлася шматлікая сям’я белакурых і чапуркіх англічан: усе яны, нібы па камандзе, з халодным здзіўленнем праводзілі Асю сваімі шклянымі вачыма, а яна, нібы ім на злосць, моцна заспявала. Вярнуўшыся дадому, яна адразу-ж пайшла да сябе ў пакой і паявілася толькі к самаму абеду, апранутая ў лепшую сваю сукенку, старанна прычэсаная, падперазаная і ў пальчатках. За сталом яна трымалася вельмі чынна, амаль чопарна, толькі крыху спрабуючы яду і піла ваду з чаркі. Ёй яўна хацелася разыграць перада мною новую ролю, — ролю прыстойнай і добравыхаванай паненкі. Гагін не перашкаджаў