Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падушку, і зноў думаў пра гэту «капрызную дзяўчынку з вымушаным смехам»… «Яна складзена, як маленькая рафаэлеўская Галатэя ў Фарнезіне», — шаптаў я: — «так; і яна яму не сястра»…

А запіска ўдавы спакойна ляжала на падлозе, бялеючы ў праменнях месяца.

V

У наступную раніцу я зноў пайшоў у Л. Я запэўняў сябе, што мне хочацца пабачыцца з Гагіным, але ўлотайку мяне цягнула паглядзець, што стане рабіць Ася, ці таксама яна будзе «дурэць», як учора. Я застаў абодвух у гасцінай, і, дзіўная справа! — магчыма ад таго, што я ўночы і раніцой многа размышляў аб Pасіі — Ася паказалася мне зусім рускай дзяўчынай, ды простай дзяўчынай, ледзь не пакаёўкай. На ёй была старэнькая сукеначка, валасы яна зачасала за вушы і сядзела, не варушачыся, ля акна, ды шыла ў пяльцах, скромна, ціха, нібы яна век свой нічым іншым не займалася. Яна амаль нічога не гаварыла, спакойна паглядвала на сваю работу, і рысы яе набылі такі нязначны, будні выраз, што мне мімаволі ўспомніліся нашы домарошчаныя Каці і Машы. Для давяршэння падабенства, яна пачала напяваць упоўголаса «Матухну-галубачку». Я глядзеў на яе жаўтаваты, згаслы тварык, успамінаў аб учарашніх марах, і шкада мне было чагосьці. Надвор’е было цудоўнае. Гагін абвясціў нам, што пойдзе сёння маляваць эцюд з натуры; я запытаўся, ці дазволіць ён мне праводзіць яго, ці не перашкоджу я яму?

— Наадварот, — запярэчыў ён: — вы мне можаце добрую параду даць.

Ён надзеў круглы капялюш à la Van Dyck, блузу, узяў картон пад паху і пайшоў; я паплёўся ўслед за ім. Ася засталася дома. Гагін, адыходзячы, прасіў яе паклапаціцца аб тым, каб суп быў не надта рэдкі; Ася абяцала пабываць на кухні. Гагін дабраўся да знаёмай ужо мне даліны, прысеў на камень і пачаў зарысоўваць стары дуплісты дуб з раскідзістымі галінамі. Я лёг на траву і дастаў кніжку; але я і двух старонак не прачытаў, а ён толькі паперу змазаў: і мы ўсё больш разважалі і, наколькі я магу меркаваць, досыць разумна і тонка разважалі аб тым, як іменна трэба працаваць; чаго неабходна ўнікаць, чаго прытрымлівацца, і якое ўласна значэнне мастака ў наш век. Гагін, нарэшце, рашыў, што ён «сёння не ў настроі», лёг побач са мною, і ўжо тут