Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свабодна пацяклі маладыя нашы гутаркі, то гарачыя, то задуменныя, то захапляючыя, але амаль заўсёды няясныя гутаркі, у якіх так ахвотна разліваецца рускі чалавек. Набалбатаўшыся ўдосталь і напоўніўшыся пачуццём задаваленняя, нібы мы штосьці зрабілі, паспелі ў нечым, вярнуліся мы дадому. Я застаў Асю такой-жа самай, якой я яе пакінуў; як я ні стараўся назіраць за ёю — ні ценю какецтва, ні прызнаку наўмысна-прынятай ролі я ў ёй не заўважыў; на гэты раз не было магчымасці папракнуць яе ў ненатуральнасці.

— Ага! — гаварыў Гагін: — пост і пакаянне на сябе наклала.

Пад вечар яна некалькі разоў непрытворна пазяхнула і рана пайшла да сябе. Я сам хутка развітаўся з Гагіным і, вярнуўшыся дадому, не марыў ужо ні аб чым: гэты дзень прайшоў у цвярозых адчуваннях. Памятаецца, аднак, кладучыся спаць, я мімаволі праказаў уголас:

— Што за хамелеон гэта дзяўчына! — і, падумаўшы крыху, дадаў: — а ўсё-такі, яна яму не сястра.

VI

Прайшло цэлых два тыдні. Я кожны дзень наведваў Гагіных. Ася нібы ўнікала мяне, але ўжо не дазваляла сабе ніводнага з тых свавольстваў, якія так здзівілі мяне ў першыя два дні нашага знаёмства. Яна здавалася ўпотайку засмучанай або збянтэжанай; яна і смяялася меней. Я з цікаўнасцю назіраў за ёю.

Яна досыць добра гаварыла па-французску і па-нямецку; але па ўсяму было прыкметна, што яна з маленства не была ў жаночых руках і выхаванне атрымала дзіўнае, незвычайнае, якое не мела нічога агульнага з выхаваннем самога Гагіна. Ад якога, не гледзячы на яго капялюш à la Van Dyck і блузу, так і веяла мяккім, напалову спешчаным, вялікарускім дваранінам, а яна не была падобна да паненкі; ва ўсіх яе рухах было штосьці неспакойнае: гэты дзічок нядаўна быў прывіты, гэта віно яшчэ брадзіла. Ад прыроды сарамлівая і нясмелая, яна злавала на сваю сарамлівасць і, з-за гэтага, праз сілу старалася быць развязнай і смелай, што ёй не заўсёды ўдавалася. Я некалькі разоў загаварваў з ёю аб яе жыцці ў Расіі, аб яе мінулым; яна неахвотна адказвала на мае распытванні; я даведаўся, аднак, што да ад’езду за граніцу яна доўга жыла ў вёсцы. Я застаў яе