Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аднойчы за кнігай, адну. Абапёршыся галавой на абедзве рукі і запусціўшы пальцы глыбока ў валасы, яна пажырала вачыма радкі.

— Брава! — сказаў я, падышоўшы да яе: — якая вы старанная.

Яна прыўзняла галаву, важна і строга паглядзела на мяне.

— Вы думаеце, я толькі смяяцца ўмею, — прагаварыла яна і хацела пайсці…

Я зірнуў на загаловак кнігі: гэта быў нейкі французскі раман.

— Аднак, я ваш выбар пахваліць не магу, — заўважыў я.

— Што-ж чытаць! — усклікнула яна і, кінуўшы кнігу на стол, дадала: — дык лепш пайду дурачыцца, — і пабегла ў сад.

У той-жа дзень, вечарам, я чытаў Гагіну «Германа і Даратэю». Ася перш усё толькі прашмыгвала міма нас, пасля раптам спынілася, прынікла вухам, ціхенька падсела да мяне і выслухала чытанне да канца. У наступны дзень я зноў не пазнаў яе, пакуль не здагадаўся, што ёй раптам прышло ў галаву, быць дамавітай і сталай, як Даратэя. Адным словам, яна з’яўлялася мне поўзагадкавай істотай. Самалюбная да крайнасці, яна прыцягвала мяне, нават калі я злаваўся на яе. У адным толькі я больш і больш пераконваўся, а іменна ў тым, што яна не сястра Гагіна. Ён абыходзіўся з ёю не пабрацку: занадта ласкава, занадта спагадліва і ў той-жа час некалькі вымушана.

Дзіўны выпадак, як відаць, пацвердзіў мае падазрэнні.

Аднойчы ўвечары, падыходзячы да вінаградніка, дзе жылі Гагіны, я знайшоў калітку замкнёнай. Не доўга думаючы, дабраўся я да аднаго абваленага месца ў агарожы, ужо раней заўважанага мною, і пераскочыў цераз яго. Недалёка ад гэтага месца, у баку ад дарожкі, была невялікая альтанка з акацыяй: я параўняўся з ёю і ўжо прайшоў міма… раптам мяне здзівіў голас Асі, якая з жарам і праз слёзы гаварыла наступныя словы:

— Не, я нікога не хачу кахаць, апрача цябе, не, не, аднаго цябе я хачу кахаць — і назаўсёды.

— Ды штоты, Ася, супакойся, — гаварыў Гагін: — ты ведаеш, я табе веру.

Галасы іх чуліся ў альтанцы. Я ўбачыў іх абодвух праз негусты пераплёт галін. Яны мяне не заўважылі.

— Цябе, цябе аднаго, — паўтарыла яна, кінулася яму на