Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на пясчаным дне, не вельмі смелыя абрысы гор, хмурыя скалы, чысценькія вёсачкі з паважанымі старымі цэрквамі і дрэвамі, буслы на балотах, утульныя млыны з праворна круцячыміся коламі, гасцінныя твары пасялян, іх сінія камзолы і шэрыя панчохі, скрыпучыя, марудлівыя вазы, у якія запрэжаны тлустыя коні, а іншы раз каровы, маладыя доўгавалосыя вандроўнікі па чыстых дарогах, абсаджаных яблынямі і грушамі…

Нават і цяпер мне прыемна ўспомніць мае тагачасныя ўражанні. Прывітанне табе, скромны куток германскай зямлі, з тваім няхітрым дастаткам, з паўсюднымі слядамі працавітых рук, цярплівай, хоць маруднай работы… Прывітанне табе і спакой!

Я прышоў дадому пад самы канец трэцяга дня. Я забыўся сказаць, што з дакукі на Гагіных, я паспрабаваў уваскрасіць у сабе вобраз бязлітаснай удавы; — але мае намаганні засталіся дарэмнымі. Памятаецца, калі я пачаў марыць аб ёй, я ўбачыў перад сабою сялянскую дзяўчынку гадоў пяці, з круглым тварыкам, з нявінна выпучанымі вочкамі. Яна так па-дзіцячаму прастадушна глядзела на мяне… Мне стала сорамна яе чыстага позірку, я не хацеў хлусіць пры ёй, і адразу-ж канчаткова і назаўсёды раскланяўся са сваім ранейшым прадметам.

Дома я знайшоў запіску ад Гагіна. Ён здзіўляўся нечаканасці майго рашэння, папракаў мяне, чаму я не ўзяў яго з сабою, і прасіў прыйсці да іх, як толькі я вярнуся. Я з непрыемнасцю прачытаў гэту запіску, але ў наступны-ж дзень адправіўся ў Л.

VIII

Гагін сустрэў мяне па-прыяцельску, асыпаў мяне ласкавымі дакорамі; але Ася, нібы знарок, як толькі ўбачыла мяне, пачала рагатаць без усякай прычыны і, па сваёй прывычцы, адразу-ж выбегла. Гагін збянтэжыўся, прамармытаў ёй услед, што яна вар’ятка, папрасіў мяне прабачыць ёй. Прызнаюся, мне стала вельмі дасадна на Асю; ужо і без таго ў мяне быў дрэнны настрой, а тут зноў гэты ненатуральны смех, гэтыя нейкія дзіўныя грымасы. Я, аднак, зрабіў выгляд, быццам нічога не заўважыў, і паведаміў Гагіну падрабязнасці свайго невялікага падарожжа. Ён расказаў мне, што рабіў у часе маёй адсутнасці. Але гаворка наша не клеілася; Ася ўваходзіла ў пакой і выбягала зноў;