Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

я сказаў, нарэшце, што ў мяне ёсць тэрміновая работа, і што мне час вярнуцца дадому. Гагін перш мяне ўтрымліваў, пасля, пільна паглядзеўшы на мяне, вызваўся праводзіць мяне. У пярэдняй Ася раптам падышла да мяне і працягнула мне руку; я злёгку паціснуў яе пальцы і крыху пакланіўся ёй. Мы разам з Гагіным пераправіліся цераз Рэйн і, праходзячы міма любімага майго ясеня са статуйкай мадоны, прыселі на лаўку, каб палюбавацца відам. Надзвычайная размова адбылася тут паміж намі.

Перш мы перакінуліся некалькімі словамі, пасля змоўклі, глядзячы на светлую раку.

— Скажыце, — пачаў раптам Гагін са сваёй звычайнай усмешкай: — якой вы думкі аб Асі? Яна павінна здавацца вам крыху дзіўнай, ці не праўда?

— Так, — адказаў я не без некаторага здзіўлення. Я не чакаў, што ён загаворыць аб ёй.

— Яе трэба добра вывучыць, каб аб ёй меркаваць, — прагаварыў ён: — у яе сэрца вельмі добрае, але галава бядовая. Цяжка з ёю ладзіць. Між іншым, яе нельга вінаваціць, і калі-б вы ведалі яе гісторыю…

— Яе гісторыю? — перапыніў я… — хіба яна не ваша…

Гагін зірнуў на мяне.

— Ці не думаеце вы, што яна не сястра мне?.. Не, — прадаўжаў ён, не звяртаючы ўвагі на маё замяшанне: — яна дапраўды мая сястра, яна дачка майго бацькі. Выслухайце мяне. Я адчуваю да вас давер’е і раскажу вам усё.

— Бацька мой быў чалавек вельмі добры, разумны, адукаваны — і нешчаслівы. Лёс абышоўся з ім не горш, чым з многімі іншымі; але ён і першага ўдару яго не перанёс. Ён ажаніўся рана, пакахаўшы; жонка яго, мая маці, памерла вельмі хутка; я застаўся пасля яе шасці месяцаў. Бацька завёз мяне ў вёску і цэлыя дванаццаць год не выязджаў нікуды. Ён сам займаўся маім выхаваннем і ніколі са мною не разлучыўся-б, калі-б брат яго, мой родны дзядзька, не заехаў да нас у вёску. Дзядзька гэты жыў заўсёды ў Пецербургу і займаў досыць важную пасаду. Ён угаварыў бацьку аддаць мяне да яго на рукі, таму што бацька ні ў якім разе не згаджаўся пакінуць вёску. Дзядзька ўгаварыў яго, што хлопчыку маіх год шкодна жыць у поўнай адзіноце, што з такім вечна панурым і маўклівым настаўнікам, якім быў мой бацька, я абавязкова адстану ад сваіх аднагодкаў, ды самы нораў мой лёгка можа сапсавацца. Бацька доўга працівіўся ўгаворам свайго брата, аднак,