Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Навумам, ці што, яго завуць. — І ён павярнуўся на другі бок — уздыхнуў і зноў заснуў.

Доўга яшчэ не змаўкаў голас… Аўдоцця ўсё слухала ды слухала; нарэшце, ён раптам нібы абарваўся, яшчэ раз ускрыкнуў ліха і павольна заціх. Аўдоцця перахрысцілася, паклала галаву на падушку… Прайшло поўгадзіны… Яна прыўстала і пачала ціхенька спускацца з пасцелі…

— Куды ты, жонка? — запытаўся ў яе праз сон Акім.

Яна спынілася.

— Лампадку паправіць, — прагаварыла яна: — не спіцца штосьці…

— А ты памаліся, — пралепятаў Акім, засынаючы.

Аўдоцця падышла да лампадкі, стала папраўляць яе, і незнарок патушыла яе: вярнулася і лягла. Усё сціхла.

На другую раніцу, досвіткам, купец адправіўся ў дарогу са сваімі таварышамі. Аўдоцця спала. Акім правёў іх з поўвярсты: яму трэба было зайсці ў млын. Вярнуўшыся дадому, ён застаў ужо сваю жонку адзетую і не адну: з ёю быў учарайшы малады хлапец Навум. Яны стаялі каля стала ля самага акна і размаўлялі. Убачыўшы Акіма, Аўдоцця моўчкі пайшла з пакоя, а Навум сказаў, што вярнуўся па гаспадаровы рукавіцы, якія быццам той забыўся на лаўцы, і таксама пайшоў.

Мы цяпер скажам чытачам тое, аб чым яны, напэўна, і без нас здагадаліся: Аўдоцця моцна пакахала Навума. Як гэта магло здарыцца так хутка, растлумачыць цяжка; тым больш цяжка, што да таго часу яна трымала сябе беззаганна, не гледзячы на мноства выпадкаў і замахаў здрадзіць сямейнай вернасці. Пасля, калі сувязь яе з Навумам стала вядомай усім, многія ў акалотку гаварылі, што ён у першы-ж вечар падсыпаў ёй у шклянку чаю прыварожнага зелля (у нас яшчэ цвёрда вераць у сапраўднасць такога сродку) і што гэта вельмі лёгка можна было заўважыць па Аўдоцці, якая, быццам, хутка пасля пачала худзець і нудзіцца.

Як-бы там ні было, але толькі Навума сталі досыць часта бачыць на Акімавым дварэ. Перш прыехаў ён зноў з тым-жа купцом, а месяцы праз тры паявіўся ўжо адзін, з уласным таварам; пасля пранеслася чутка, што ён пасяліўся ў адным з блізкіх павятовых гарадоў, і з таго часу ўжо не праходзіла тыдня, каб не паказалася на вялікай дарозе яго моцная фарбаваная драбінка, запрэжаная парай круглых канькоў, якімі ён кіраваў сам. Паміж Акімам і ім не існавала асаблівага сяброўства, ды і варожасці паміж