Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

імі не заўважалася: Акім не звяртаў на яго вялікай увагі і ведаў толькі аб ім, як аб кемлівым хлапцы, які спрытна пайшоў у ход. Сапраўдных пачуццяў Аўдоцці ён не падазраваў і прадаўжаў давяраць ёй па-ранейшаму.

Так прайшло яшчэ два гады.

Вось, аднойчы, у летні дзень, перад абедам, гадзіне а другой, Лізавета Прохараўна, якая на працягу іменна гэтых двух гадоў неяк раптам зморшчылася і пажаўцела, не глядзячы на ўсялякія прыціранні, румяны і бялілы, — Лізавета Прохараўна з сабачкам і складным парасонікам вышла пагуляць у свой нямецкі чысценькі садочак. Злёгку пашоргваючы накрухмаленай сукенкай, ішла яна маленькімі крокамі па пясчанай сцежцы, між двума радамі выцягненых у струнку вяргінь, як раптам яе здагнала старадаўняя наша знаёмая Кірылаўна і пачціва далажыла, што нейкі Б-й купец жадае яе бачыць па вельмі важнай справе. Кірылаўна па-ранейшаму карысталася панскай ласкай (па сутнасці яна кіравала маёнткам пані Кунцэ) і з некаторага часу атрымала дазвол насіць белы чапец, што надавала яшчэ больш рэзкасці тонкім рысам яе смуглявага твара.

— Купец? — запыталася пані. — Што яму патрэбна?

— Не ведаю, што ім трэба, — запярэчыла Кірылаўна ўкрадчывым голасам: — а толькі, здаецца, яны жадаюць у вас штосьці купіць.

Лізавета Прохараўна вярнулася ў гасціную, села на звычайнае сваё месца, крэсла з купалам, па якому прыгожа віўся плюшч, і загадала паклікаць Б…ага купца.

Увайшоў Навум, пакланіўся і спыніўся ля дзвярэй.

— Я чула, вы ў мяне штосьці купіць хочаце? — пачала Лізавета Прохараўна і сама падумала: — які прыгожы мужчына гэты купец.

— Правільна-с.

— А што-ж іменна?

— Мо’ будзеце прадаваць пастаялы ваш двор?

— Які двор?

— Ды вось, што на вялікай дарозе, адсюль недалёка.

— Ды гэты двор не мой. Гэта Акімаў двор.

— Як не ваш? На вашай зямельцы сядзіць-жа.

— Зямля то мая… на маё імя куплена; ды двор вось яго.

— Так-с. Дык вось, можа вы яго нам прадасце?

— Як-жа я яго прадам?

— Так-с. А мы цану-б добрую далі.

Лізавета Прохараўна памаўчала.