Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Размова гэта непрыемна падзейнічала на Акіма. Любоў яго да Аўдоцці ўжо астыла, але, усё-такі, словы служанкі яму не спадабаліся. А яна сказала праўду: сапраўды, у той вечар Аўдоцця выходзіла да Навума, які чакаў яе ў густым ценю, што падаў на дарогу ад нерухомага і высокага канапляніку. Раса змачыла зверху данізу кожнае яго сцябло; моцны да адурэння пах стаяў навокал. Месяц ледзь толькі ўзышоў, вялікі і барвовы ў чарнаватым і цьмяным тумане. Навум яшчэ здалёку пачуў таропкія крокі Аўдоцці і накіраваўся да яе насустрач. Яна падышла да яго, уся збялелая ад бягі; месяц свяціў ёй у твар.

— Ну, што, прынесла? — запытаўся ён.

— Прынесці то прынесла, — адказвала яна нерашучым голасам: — ды што, Навум Іванавіч…

— Давай, калі прынесла, — перапыніў ён яе і працягнуў руку…

Яна дастала з-пад касынкі нейкі скрутак. Навум адразу-ж узяў яго і паклаў сабе за пазуху.

— Навум Іванавіч, — прагаварыла Аўдоцця марудна і не спускаючы з яго вачэй… — Ох, Навум Іванавіч, загублю я дзеля цябе сваю душачку…

У гэты момант падышла да іх служанка.

І так, Акім сядзеў на лавачцы і з нездавальненнем пагладжваў сваю бараду. Аўдоцця часта ўваходзіла ў пакой і зноў выходзіла. Ён толькі праводзіў яе вачыма. Нарэшце, яна ўвайшла яшчэ раз і захапіўшы ў каморцы душагрэйку, пераступіла ўжо была парог — ёй не вытрымаў і загаварыў, як быццам сам сабе:

— Здзіўляюся я, — пачаў ён: — чаго гэта бабы заўсёды мітусяцца? Пасядзець вось каб на месцы, гэтага ад іх і не патрабуй. Гэта не іх справа. А вось, куды-небудзь збегаць, ці раніцой, ці вечарам, што яны любяць. — Так.

Аўдоцця выслухала гаворку мужа да канца, не перамяніўшы свайго палажэння; толькі пры слове «вечарам» ледзь павяла галавой і нібы задумалася.

— Ты ўжо, Сямёныч, — прагаварыла яна, нарэшце, са смуткам: — вядома, як пачнеш размаўляць, ужо тут…

Яна махнула рукой і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Аўдоцця, сапраўды, не надта высока цаніла Акімава красамоўства і, бывала, вечарамі, калі ён пачынаў разважаць з праезджымі, або пускаўся ў расказы, употайку пазяхала, або ішла да сябе. Акім паглядзёў на зачыненыя дзверы… «як пачнеш размаўляць», паўтарыў ён упоўголаса… «то-та і бяда, што