Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Слухаю-с, — адказваў Навум, устаў і ўслед за Кірылаўнай пайшоў у гасцінную.

Дзверы за імі зачыніліся… Калі, нарэшце, тыя дзверы зноў адчыніліся, і Навум, кланяючыся, вышаў з іх спіною, справа была ўжо ўладжана; Акімаў двор належаў яму: ён набыў яго за 2800 рублёў асігнацыямі. Купчую вырашылі аформіць як мага хутчэй і да часу не гаварыць нідзе аб ёй; Лізавета Прохараўна атрымала сто рублёў задатку, ды дзвесце рублёў пайшло Кірылаўне на магарыч. «Нядорага купіў» думаў Навум, узлазячы на каламажку: «дзякуй, выпадак здарыўся».

У той самы час, калі ў панскім доме адбывалася расказаная намі здзелка, Акім сядзеў у сябе адзін пад акном на лаўцы і з незадаволеным выглядам пагладжваў сваю бараду… Мы сказалі вышэй, што ён не падазраваў прыхільнасці сваёй жонкі да Навума, хоць добрыя людзі не раз яму намякалі, што пара, моў, табе за розум узяцца; вядома ён сам іншы раз мог заўважыць, што гаспадыня яго з некаторага часу як быццам наравісцей стала, але-ж вядома: жаночы пол сварлівы і капрызны. Нават, калі яму сапраўды здавалася, што ў яго доме штосьці не ў парадку, ён толькі рукой махаў; не хацелася яму, як кажуць, паднімаць вэрхал; дабрадушнасць у ім не змяншалася з гадамі, ды і лянота брала сваё. Але ў той дзень ён быў вельмі не ў настроі: учора ён зусім выпадкова падслухаў на вуліцы размову паміж сваёй служанкай і другой суседняй бабай…

Баба пыталася ў служанкі, чаму яна да яе ў свята вечарам не зайшла: «я моў, цябе чакала».

— Ды я ўжо было і пайшла, — запярэчыла служанка: — ды, на ліха, на гаспадыню насунулася… каб ёй пуста было!

— Насунулася… — паўтарыла баба нейкім расцягнутым голасам і падперла рукою шчаку. — А дзе-ж гэта ты на яе насунулася, мая даражэнькая?

— А за канаплянікамі, за папоўскімі. Гаспадыня-ж, відаць, да свайго вось, да Навума, у канаплянікі вышла, а мне-ж у цемені не відаць было; ад месяца, ці што, бог яго ведае, проста так на іх і наскочыла.

— Наскочыла, — зноў паўтарыла баба. — Ну, і што-ж яна, мая даражэнькая, з ім стаіць?

— Стаіць — нічога. Ён стаіць і яна стаіць. Убачыла мяне і кажа: куды гэта ты бегаеш? Ідзі дадому. Я і пайшла.

— Пайшла. — Баба памаўчала. — Ну, бывай, Фецінюшка, — прагаварыла яна, і паплялася сваёй дарогай.