Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АСЯ

I

Мне было тады гадоў дваццаць пяць, — пачаў Н. Н.: — справы даўно мінулых дзён, як бачыце. Я толькі што вырваўся на волю і паехаў за граніцу, не дзеля таго, каб «скончыць маё выхаванне», як казалі тады, а проста, мне захацелася паглядзець на свет божы. Я быў здаровы, малады, вясёлы, грошы ў мяне не выводзіліся, клопаты яшчэ не паспелі завесціся — я жыў без аглядкі, рабіў, што хацеў, працвітаў, адным словам. Мне тады і ў галаву не прыходзіла, што чалавек не расліна, і квітнець яму доўга нельга. Маладосць есць пернікі пазалочаныя ды і думае, што вось гэта і ёсць хлеб насутны; — а прыдзе час, і хлеба напросішся. Але няма патрэбы аб гэтым гаварыць.

Я вандраваў без усякай мэты, без плана; спыняўся ўсюды, дзе мне падабалася, і адпраўляўся адразу-ж далей, як толькі адчуваў жаданне бачыць новыя твары — іменна твары. Мяне цікавілі выключна адны людзі; я ненавідзеў цікаўныя помнікі, надзвычайныя зборы, адзін выгляд лон-лакея выклікаў ва мне адчуванне тугі і злосці; я ледзь не звар’яцеў у дрэздэнскім «Груне-Гевёлбе». Прырода дзейнічала на мяне надзвычайна, але я не любіў так званых яе прыгожасцей, незвычайных гор, круч, вадаспадаў; я не любіў, каб яна навязвалася мне, каб яна мне перашкаджала. Затое твары, жывыя, чалавечыя твары — гаворка людзей, іх рухі, смех — вось без чаго я абыйсціся не мог. У натоўпе мне было заўсёды асабліва лёгка і радасна; мне было весела ісці, куды ішлі другія, крычаць, калі другія крычалі, і ў той-жа час я любіў глядзець, як гэтыя другія крычаць. Мяне забаўляла назіраць людзей… ды я нават не назіраў іх — я іх разглядаў з нейкай радаснай і ненасытнай цікаўнасцю. Але я зноў адыходжу ўбок.

Такім чынам, гадоў дваццаць таму назад я жыў у нямецкім