Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

брат наш; дыхай лёгка і не гаруй і ты перад блізкім сном». Я падняў галаву і ўбачыў на самым канцы тонкай галінкі адну з тых вялікіх мух з ізумруднай галоўкай, доўгім целам і чатырма празрыстымі крыламі, якіх какетлівыя французы называюць «дзяўчынамі», а наш просты народ празваў «каромісламі». Доўга, больш гадзіны не зводзіў я з яе вачэй. Насскрозь прапечаная сонцам, яна не варушылася, толькі зрэдку паварачвала галоўку з боку на бок і трапятала прыўзнятымі крыльцамі… вось і ўсё. Гледзячы на яе, мне раптам здалося, што я зразумеў жыццё прыроды, зразумеў яго несумненны і яўны, хоць для многіх яшчэ таямнічы сэнс. Ціхае і павольнае адухаўленне, няспешлівасць і стрыманасць адчуванняў і сіл, роўнавага здароўя ў кожнай асобнай істоце — вось самая яе аснова, яе нязменны закон, вось на чым яна стаіць і трымаецца. Усё, што выходзіць з-пад гэтага ўзроўню, ці ўгору, ці ўніз, усёроўна выкідаецца ёю вон, як непрыгоднае. Многія насякомыя паміраюць, як толькі спазнаюць парушаючыя роўнавагу радасці любві; хворы звер забіваецца ў гушчу і патухае там адзін: ён нібы адчувае, што ўжо не мае права ні бачыць усім агульнага сонца, ні дыхаць вольным паветрам; ён не мае права жыць; — а чалавек, якому, па сваёй віне ці па віне іншых, стала дрэнна на свеце — павінен прынамсі ўмець маўчаць.

— Ну, што-ж ты, Ягор! — усклікнуў раптам Кандрат, які паспеў ужо ўсесціся ў перадку і, гуляючы, перабіраў лейцы: — ідзі садзіся. Чаго задумаўся? Можа ўсё аб карове?

— Аб карове? Аб якой карове? — паўтарыў я і зірнуў на Ягора: спакойны і важны, як заўсёды, ён, сапраўды, здавалася, задумаўся і глядзеў кудысьці ў далячынь, у палі, якія пачыналі ўжо цямнець.

— А вы не ведаеце? — падхапіў Кандрат: — у яго сёння ўночы апошняя карова здохла. Не шанцуе яму — што ты будзеш рабіць?..

Ягор сеў моўчкі ў перадок, і мы паехалі. «Гэты ўмее не скардзіцца», — падумаў я.

1857 г.