Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў натоўп гледачоў. Мне было весела глядзець на твары студэнтаў; іх абдымкі, выкрыкі, нявіннае какецтва маладосці, палкія позіркі, смех без прычыны — лепшы смех на свеце, — усё гэта радаснае кіпенне жыцця юнацкага, свежага, гэты парыў наперад — куды-б там ні было, абы толькі наперад, — гэта дабрадушнае раздолле мяне кранала і ўзрушвала. Ці не пайсці ўжо да іх? — пытаўся я ў сябе…

— Ася, годзе табе? — раптам прагаварыў ззаду ў мяне мужчынскі голас па-руску.

— Пачакаем яшчэ, — адказаў другі, жаночы, голас на той-жа мове.

Я хутка павярнуўся… Позірк мой спыніўся на прыгожым маладым чалавеку ў шапцы і шырокай куртцы; ён трымаў пад руку дзяўчыну невысокага росту, у саламяным капялюшы, які закрываў усю верхнюю частку яе твара.

— Вы рускія? — сарвалася ў мяне мімаволі з языка.

Малады чалавек усміхнуўся і сказаў:

— Так, рускія.

— Я гэтага зусім не чакаў… у такім захалусці, — пачаў было я.

— І мы не чакалі, — перабіў ён мяне: — што-ж? тым лепш. Дазвольце рэкамендавацца: мяне завуць Гагіным, а вось гэта мая… — ён запнуўся на момант: — мая сястра. А ваша імя дазвольце знаць?

Я назваў сябе, і мы разгаварыліся. Я даведаўся, што Гагін, падарожнічаючы, таксама, як я, дзеля сваёй прыемнасці, тыдзень таму назад заехаў у гарадок Л., ды і застаўся ў ім. Праўду сказаць, я неахвотна знаёміўся з рускімі за граніцай. Я іх пазнаваў нават здалёку па іх хадзе, пакрою вопраткі, а галоўнае, па выразу іх твара. Самазадаволены і пагардлівы, часта загадкавы, ён раптам змяняўся выразам асцярожнасці і палахлівасці… Чалавек раптоўна насцярожваўся ўвесь, вочы неспакойна бегалі… «Баценькі мае! ці не схлусіў я, ці не смяюцца з мяне?», здавалася, гаварыў гэты ўтароплены позірк… Праходзіў міг, — і зноў аднаўлялася велічнасць фізіяноміі, зрэдку чаргуючыся з тупым неўразуменнем. Так, я ўнікаў рускіх, але Гагін мне спадабаўся адразу. Ёсць на свеце такія шчаслівыя твары: глядзець на іх усякаму люба, нібы, яны грэюць вас або гладзяць. У Гагіна быў іменна такі твар, мілы, ласкавы, з вялікімі, мяккімі вачыма і мяккімі кучаравымі валасамі. Гаварыў ён так, што, нават не бачачы яго