Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

царскі ўрад, хоць і няўдала, але ўсё-ж такі правёў вызваленьне сялян ад прыгону, чаго не зрабіла панская Польшча мінулага часу.

Мэта паўстаньня—ранейшая: адбудаваць Рэч Паспалітую ў старых межах да 1772 году. Новым у вадносінах да Беларусі было тое, што паўстаньне 1863 году зазначала ўсю важнасьць сялянскага пытаньня і высунула для зьдзяйсьненьня плян пабудаваньня незалежнай Беларусі. Гэтыя два пытаньні стаялі ў сувязі з тэорыямі тагачасных рэволюцыйных гурткоў Герцэна і Бакуніна і выклікаліся рэальнымі інтарэсамі працоўных мас Беларусі. Герцэн у польскім пытаньні быў прыхільнікам незалежнай Польшчы, але ён ня быў згодзен з тым, каб уваскрослая Польшча праглынула Украіну, Літву і Беларусь; апроч таго, ён лічыў, што паўстаньне павінна дасягнуць ня толькі мэт політычных, але і соцыяльных: яно павінна вызваліць сялян ад прыгону і даць ім зямлю. Таксама мысьліў і Бакунін. Сялянская Расія, хлопская Польшча, вызваленыя Украіна, Беларусь і Літва, на яго думку, павінны стварыць вольныя фэдэрацыі.

У 1862 годзе ў Варшаве, замест Варшаўскага гарадзкога Комітэту, організаваўся Народны Цэнтральны Комітэт, каторы хутка абвясьціў сябе Народным Жондам (урадам). Ён вядзе сваю працу і ўтрымліваецца на сродкі, каторыя, з аднаго боку, перакідваюцца яму ў загранічнай эміграцыі, з другога боку—атрымліваюцца, як спэцыяльныя зборы з уласьнікаў зямлі ў Польшчы і на Беларусі. Падпольны ўрад мае вялікія сувязі ня толькі з паўстанцамі краю: ён зьвязан з замежнай эміграцыяй і, апроч таго, праз палякоў афіцэраў, чыноўнікаў, студэнтаў і г. д. ён мае сувязь з рэволюцыйнымі арганізацыямі ў розных мясцовасьцях Расіі.

Як і ў 1831 годзе, паўстаньніцкі рух з самага пачатку разьбіўся на дзьве часьці: белую і чырвоную. На чале партыі белых стаяць польскія магнаты і багатая, радавітая шляхта. Усе яны концэнтруюцца навокал старога політычнага дзеяча, вядомага нам Адама Чартарыскага і яго сваякоў (Лямбэраў отэль у Парыжы). Яны лічаць, што для адбудовы Рэчы Паспалітай першую і галоўную ролю павінна граць дыплёматыя. Збройнае паўстаньне патрэбна пастолькі, паколькі яго могуць скарыстаць дыпляматы. Панскае земляўласьніцтва і шляхецкія выключныя правы ў будучай Польшчы павінны застацца непа