Старонка:Домбі і сын.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вобласці спусташаліся з мэтай здабыць велізарныя сродкі для аднаго імператарскага піру…

Тут парушальнік парадку, які раздуваўся, напружваўся і дарэмна чакаў кропкі, нястрымна ўзарваўся.

— Джансон, — сказаў містэр Фідэр ціхім, дакорлівым голасам, — выпіце вады.

Доктар з вельмі суровым выглядам вытрымаў паузу, пакуль не прынеслі вады, а пасля прадаўжаў:

— І калі, містэр Фідэр…

Але містэр Фідэр, які бачыў, што Джансон гатоў зноў ўзарвацца, і ведаў, што доктар у прысутнасці маладых джэнтльменаў ніколі не паставіць кропкі, перш чым не выкажа ўсё, што збіраецца сказаць, не мог адарваць вачэй ад Джансона і такім чынам папаўся на тым, што не глядзіць на доктара, які спыніў з прычыны гэтага сваю прамову.

— Прашу прабачэння, сэр, — чырванеючы, сказаў містэр Фідэр. — Прашу прабачэння, доктар Блімбер.

— І калі сэр, — прадаўжаў доктар, павысіўшы голас, — як мы чытаем і чаму не маем падстаў не верыць — як-бы гэта ні здавалася неверагодным невукам нашага века, — калі брат Вітэлія наладзіў для яго пір, на якім было падана дзве тысячы рыбных страў…

— Выпіце вады, Джансон… Страў, сэр, — паўтарыў містэр Фідэр.

— Рознастайных відаў птушкі пяць тысяч страў…

— Або паспрабуйце ўзяць скарыначку хлеба, — сказаў містэр Фідэр.

— І адна страва, — прадаўжаў доктар Блімбер, зноў павышаючы голас і аглядаючы стол, — названая, з прычыны грандыёзных яе памераў, Шчытом Мінервы і прыгатаваная (не гаворачы ўжо аб іншых дарагіх прадуктах) з мазгоў фазана:

— Кхы, кхы, кхы! (Джансон).

— Вальдшнепаў…

— Кхы, кхы, кхы!

— З плавальных пухіроў рыбы, якая называецца скарус…

— У вас якая-небудзь жыла на галаве лопне, — сказаў містэр Фідэр. — Лепш не стрымлівайцеся.

— І з ікры міногі, — прадаўжаў доктар самым грозным тонам.- Калі мы чытаем пра такія дарагія піры, як гэты, і не забываемся аб тым, што ёсць яшчэ Тіт…

— Як давядзецца вашай матцы, калі вы памрэце ад удару! — сказаў містэр Фідэр.

— Даміцыян…

— Вы, ведаеце, пасінелі, — сказаў містэр Фідэр.