Старонка:Домбі і сын.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Нерон, Тыберый, Калігула, Геліогабал[1] і шмат якія іншыя, — прадаўжаў доктар, — то гэта, містэр Фідэр, калі я заслугоўваю вашу ўвагу, выдатна, у вышэйшай ступені выдатна, сэр…

Але Джансон, не маючы магчымасці больш стрымлівацца, так моцна закашляўся ў гэты момант, хоць абодва бліжэйшыя суседы пачалі стукаць яму па спіне, містэр Фідэр уласнаручна паднёс да яго губ шклянку вады, а дварэцкі прымусіў яго некалькі разоў прамаршыраваць паміж крэслам і буфетам, накшталт часавога, што прайшло добрых пяць хвілін, перш чым ён больш або менш апамятаўся, і тады запанавала глыбокае маўчанне.

— Джэнтльмены, — сказаў доктар Блімбер, — станьце на малітву. Карнелія, зніміце Домбі. — Пасля гэтага над абрусам відаць былі толькі яго валасы. — Заўтра перад снеданнем Джансон прачытае мне напамяць з грэчаскага Новага завета першы раздзел «Паслання апостала Паўла да ефесян». Містэр Фідэр, мы адновім нашы заняткі праз поўгадзіны.

Маладыя джэнтльмены пакланіліся і вышлі. Містэр Фідэр зрабіў тое-ж самае. На працягу поўгадзіны маладыя джэнтльмены, падзяліўшыся на пары, прагульваліся падручкі па маленькай пляцоўцы за домам або спрабавалі раздуць іскру ажыўлення ў грудзях Брыгса. Але нічога вульгарнага, накшталт гульняў, не было і ў паміне. Роўна ў вызначаную гадзіну прагучаў гонг і заняткі аднавіліся пры добрадзейным удзеле як доктара Блімбера, так і містэра Фідэра.

З тае прычыны што гульні, якія заключаліся ў хаджэнні ўзад і ўперад, былі ў той дзень скарочаны з-за Джансона, усе накіраваліся на прагулку перад чаем. Нават Брыгс (хоць ён яшчэ, не прыступіў да работы) удзельнічаў у гэтай забаве, цешачыся якой ён разы два-тры змрочна паглядзеў уніз з вяршыні ўцёса. Доктар Блімбер ішоў за імі, і Поль заслужыў гонар быць узятым на буксір самім доктарам — пачэснае становішча, у якім ён здаваўся вельмі маленькім і слабым.

Чай быў сервіраван не менш утончана, чым абед, а пасля чаю маладыя джэнтльмены, устаўшы і пакланіўшыся, як і раней, пайшлі, каб вярнуцца да незакончаных урокаў сёнешняга дня або ўзяцца за надыходзячыя ўрокі заўтрашняга дня. Тым часам містэр Фідэр пайшоў у свой пакой, а Поль усеўся ў куток, разважаючы аб тым, ці думае пра яго Фларэнс і што яны там робяць у місіс Піпчын.

Праз некаторы час містэр Тутс, якога затрымала важнае пісьмо ад герцага Уэлінгтона, адшукаў Поля; ён доўга глядзеў на яго, як і раней, а пасля запытаўся, ці любіць ён жылеты.

  1. Вітэлій, Даміцыян, Нерон, Тыберый, Калігула — рымскія імператары I ст. н. э. і Геліогабал — І ст. н. э., якія праславіліся сваімі шаленствамі і жорсткасцю; Тіт — рымскі імператар І ст. н. э.