Старонка:Домбі і сын.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліся яны тут і ці доўга прабылі, Поль не ведаў; але, убачыўшы іх, ён усеўся ў пасцелі і падрабязна адказаў на ўсе пытанні лекара і шапнуў яму, што, будзьце ласкавы, Фларэнс нічога не павінна ведаць пра гэта і што ён цвёрда вырашыў, каб яна была на вечарынцы. Ён шмат балбатаў з лекарам, і яны рассталіся найлепшымі сябрамі. Пасля, лежачы з заплюшчанымі вачыма, ён чуў, як лекар сказаў, вышаўшы з пакоя і недзе вельмі далёка, — ці гэта яму прыснілася, — што назіраецца адсутнасць жыццёвай сілы («Што-б гэта магло быць?» падумаў Поль) і арганізм надзвычай аслаблен; што хлапчук цвёрда вырашыў расстацца са сваімі школьнымі таварышамі семнаццатага, і таму варта задаволіць яго жаданне, калі яму не зробіцца горш; што ён рад быў даведацца ад місіс Піпчын пра пераезд хлапчука да родных у Лондан восемнаццатага; што ён напіша містэру Домбі, калі лепш азнаёміцца з хваробай і да восемнаццатага; што цяпер няма простых падстаў для… для чаго? Поль не дачуў слова; і што ў хлапчука жывы розум, але ён дзівакаваты.

Што гэта азначае — гэта «дзівакаватасць», з заміраючым сэрцам размышляў Поль, так яскрава выяўленая ў ім, так выразна бачная многімі?

Ён не мог гэта зразумець і не мог доўга стамляць сябе размышленнямі. Місіс Піпчын зноў была каля яго, нібы і не адыходзіла (ён думаў, што яна вышла разам з доктарам, але, магчыма, усё гэта было ў сне) і неўзабаве ў яе руках таямнічым чынам з'явіліся шклянка і бутэлька, і яна напоўніла яму шклянку. Пасля гэтага ён атрымаў вельмі смачнае жэле, якое прынесла яму сама місіс Блімбер; і тады ён адчуў сябе так добра, што місіс Піпчын, пасля настойлівых яго просьбаў, накіравалася дадому, а Брыгс і Тозер прышлі класціся спаць. Бедны Брыгс вельмі скардзіўся на свой аналіз, але з Полем быў вельмі ласкавым, таксама як і Тозер, таксама як і ўсе астатнія, бо ўсе як адзін заходзілі да яго перад сном і гаварылі: «Як адчуваеце сябе зараз, Домбі?» «Не журыцеся, маленькі Домбі!» і іншае. Калі Брыгс лёг у пасцель, ён доўга не спаў, усё яшчэ наракаючы на свой аналіз і гаворачы, што, вядома, ён зусім няправільны, і нават забойцу яны не маглі-б прааналізаваць горш, і як-бы спадабалася доктару Блімберу, калі-б ад гэтага залежалі яго грошы ў кішэні.

У наступную раніцу, перш чым узяцца за гонг, падслепаваты малады чалавек падняўся наверх да Поля і сказаў яму, каб ён не ўставаў з пасцелі, што Поль з радасцю выканаў. Незадоўга да прыходу лекара місіс Піпчын з'явілася зноў, а праз некаторы час добрая маладая жанчына, якая чысціла печ, калі Поль убачыў яе ў тую першую раніцу (якой далёкай здавалася яна цяпер!), прынесла яму снеданне. Была яшчэ адна кансультацыя, недзе вельмі далёка, ці мо Полю зноў гэта прыснілася, а пасля лекар, вярнуўшыся з доктарам Блімберам і місіс Блімбер, сказаў: