Старонка:Домбі і сын.pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Так, я думаю, доктар, Блімбер, цяпер мы можам вызваліць гэтага маладога джэнтльмена ад кніг: канікулы ўжо блізка.

— Бясспрэчна, — сказаў доктар Блімбер. — Дарагая мая, калі ласка, паведаміце аб гэтым Карнеліі.

— Абавязкова, — сказала місіс Блімбер.

Лекар, нахіліўшыся, пільна паглядзеў у вочы Полю, памацаў яму галаву, пульс і выслухаў сэрца з такой цікавасцю і руплівасцю, што Поль сказаў:

— Дзякую вам, сэр.

— Наш маленькі сябра, — заўважыў доктар Блімбер, — ніколі не скардзіўся.

— О, так! — адказаў лекар. — Бадай ці стаў-бы ён скардзіцца.

— Вы лічыце, што яму значна лепш? — запытаўся доктар Блімбер.

— О, яму значна лепш, сэр, — адказаў лекар.

Поль па ўласцівай яму дзіўнай прывычцы пачаў разважаць аб тым, чым маглі быць заняты ў той момант думкі лекара, — з такім задуменнем адказаў ён на два пытанні доктара Блімбера. Але з прычыны таго, што лекар выпадкова сустрэў позірк свайго маленькага пацыента і зараз-жа вывеў яго з задумення вясёлай усмешкай, Поль усміхнуўся ў адказ і перастаў думаць.

Цэлы дзень ён праляжаў у пасцелі, драмаў, марыў і глядзеў на містэра Тутса, але ў наступны дзень устаў і спусціўся ўніз. О, цуда! Нешта здарылася з вялікім насценным гадзіннікам, і рабочы, які стаяў на страмянцы, зняў з яго цыферблат і пры святле свечкі поркаў інструментам у механізме. Гэта была вялікая падзея для Поля, які ўсеўся на ніжнюю ступеньку і ўважліва сачыў за аперацыяй, раз-по-раз паглядаючы на цыферблат, прыслонены тут-жа да сцяны, і адчуваючы некаторую збянтэжанасць ад думкі, што цыферблат падміргвае яму.

Рабочы на страмянцы быў вельмі далікатны, а калі, убачыўшы Поля, ён сказаў: «Як маецеся, сэр?», Поль пачаў з ім размаўляць і сказаў яму, што быў не зусім здаровы. Калі лёд быў такім чынам зламаны, Поль задаў яму мноства пытанняў пра гадзіннік і пра тое, ці дзяжураць уночы людзі на званіцах, каб прымусіць гадзіннік біць, і як звоняць у званы, калі паміраюць людзі, і ці адрозніваецца гэты звон ад звону ў часе вяселля, ці жывым толькі здаецца, што ён нудны. Пераканаўшыся, што новы яго знаёмы не вельмі добра ведае пра вячэрні звон у старыну, Поль расказаў яму пра гэты звычай, а таксама запытаўся ў яго, як у чалавека практычнага, якой ён думкі наконт зацеі караля Альфрэда[1] вымераць час пры дапамозе запаленай свечкі, на што рабочы адказваў, што, па яго думцы,

  1. Кароль Альфрэд — кароль англасаксаў Альфрэд Вялікі (879–901); вынайшоў спосаб вымарэння часу па зарубках на свечцы, якая гарыць.