Старонка:Домбі і сын.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маёр, які ўсю дарогу соп і пыхкаў, як паравоз, і чые вочы часта адрываліся ад газеты і падміргвалі, углядаючыся ў далячынь, нібы там цягнулася доўгая працэсія пацярпеўшых паражэнне міс Токс, якія вырываліся разам з дымам поезда і праносіліся над палямі, каб схавацца ў якім-небудзь утульным месцечку, — маёр адарваў свайго сябра ад размышлення, паведаміўшы яму, што паштовыя коні запрэжаны і карэта падана.

— Домбі, — сказаў маёр, злёгку ўдараючы яго кіем па плячы, — не задумвайцеся. Гэта благая прывычка. Стары Джо, сэр, не быў-бы такім непахісным, якім вы яго бачыце, калі-б ён аддаваўся такой прывычцы. Вы занадта вялікі чалавек, Домбі, каб задумвацца. У вашым становішчы, сэр, вы бясконца вышэй за гэта ўсё.

Маёр, нават у сяброўскіх сваіх угаварваннях, прымаў такім чынам пад увагу годнасць і гонар містэра Домбі і вельмі добра разумеў значэнне, а містэр Домбі быў больш, чым калі-небудзь, схілен зрабіць ласку джэнтльмену, які вызначаўся такім разважным сэнсам і такім цвярозым розумам. Таму ён стараўся прыслухоўвацца да таго, што гаварыў маёр, калі яны рыссю ехалі па шасе, і маёр, думаючы, што гэта шпаркасць і дарога значна больш адпавядаюць яго здольнасцям размаўляць, чым спосаб перасоўвання, які толькі што яны пакінулі, пачаў яго забаўляць.

Гэты прыліў натхнення і гаварлівасці, які перарываўся толькі звычайнымі сімптомамі, выкліканымі яго поўнакроўем, а таксама снеданнем і гнеўнымі нападкамі на тубыльца, прадаўжаўся ў маёра ўвесь дзень; таму, калі надышоўшы вечар застаў іх едучымі трушком па зялёнай і абсаджанай дрэвамі дарозе каля Лемінгтона, здавалася, нібы голас маёра ў выніку балбатні, яды, хіхікання і ўдушша зыходзіў са скрынкі пад сядзеннем ззаду экіпажа або з бліжэйшага стога сена. Ён не перамяніўся і ў гатэлі Райял, дзе былі заказаны пакоі і дзе маёр так павярэдзіў свае органы мовы ядой і піццём, што перад сном зусім страціў голас, якога хапала толькі на кашаль, і, аб'ясняючыся з цёмнаскурым слугою, мог толькі разяўляць рот.


РАЗДЗЕЛ ХХІ

Новыя асобы.

Маёр прагульваўся пад руку з містэрам Домбі па сонечным баку вуліцы, прычым разбухлыя яго шчокі звісалі над тугім каўнерыкам, а вялізная галава пагойдвалася з боку на бок, як быццам ён папракаў самаго сябе за тое, што быў такім чароўным суб'ектам. Не прайшлі яны і некалькіх ярдаў, як маёр сустрэў нейкага знаёмага, і яшчэ праз некалькі ярдаў маёр зноў сустрэў