Старонка:Домбі і сын.pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нейкага знаёмага, але мімаходзь толькі памахаў ім рукой і павёў містэра Домбі далей, паказваючы пры гэтым на мясцовыя выдатнасці і ажыўляючы прагулку скандальнымі плёткамі, якія прыходзілі яму на памяць.

Такім чынам маёр і містэр Домбі ішлі пад руку к поўнай сваёй прыемнасці, калі ўбачылі крэсла на калёсах, што набліжалася да іх, у якім сядзела лэдзі, ляніва кіруючы сваім экіпажам пры дапамозе руля, прымайстраванага ўперадзе, тады як ззаду экіпаж папіхала нейкая нябачная сіла. Хоць лэдзі была немаладая, але колер твару ў яе быў асляпляльны — зусім ружовы, — а туалет і поза былі да твару вельмі юнай асобе.

Побач з крэслам, трымаючы лёгкі парасонік з такім ганарлівым і стомленым выглядам, нібы ад такога вялікага намагання давядзецца неўзабаве адмовіцца і кінуць парасонік, ішла значна маладзейшая лэдзі, вельмі прыгожая, вельмі ганарыстая з выгляду, вельмі ўпартая, якая падымала высока галаву і апускала вочы, нібы калі і было на свеце што-колечы, апрача люстэрка, вартае ўвагі, то ва ўсякім выпадку не зямля або неба.

— Ах, чорт пабяры, каго-ж гэта мы бачым, сэр?! — крыкнуў маёр, спыняючыся, калі наблізілася маленькая група.

— Дарагая мая Эдзіт! — расцягваючы словы, праказала лэдзі ў крэсле. — Маёр Бегсток!

Ледзь пачуўшы гэты голас, маёр пакінуў руку містэра Домбі, рынуўся наперад, узяў руку лэдзі і паднёс да сваіх губ.

З не меншай галантнасцю маёр прыціснуў свае рукі ў пальчатках да сэрца і нізка пакланіўся другой лэдзі. І цяпер, калі крэсла спынілася, рухаючая сіла выявілася ў вобразе расчырванелага пажа, што напіраў ззаду; калі ён выпрастаўся, то аказалася, што ён высокі, змардаваны і худы.

— Джо Бегсток, — сказаў маёр абодвум лэдзі, — горды і шчаслівы да канца дзён сваіх.

— Хітрае стварэнне! — ляніва прамовіла старая лэдзі ў крэсле. — Адкуль вы з'явіліся? Я вас не цярплю.

— У такім выпадку, пані, — зараз-жа сказаў маёр, дазвольце прадставіць вам сябра, каб заслужыць вашу ласку. Містэр Домбі, місіс Ск'ютон. — Лэдзі ў крэсле была ласкавай. — Містэр Домбі, місіс Грэйнджэр.

Лэдзі з парасонікам ледзь звярнула ўвагу на тое, што містэр Домбі зняў капялюш і нізка пакланіўся.

— Місіс Ск'ютон, Домбі, — сказаў маёр, — робіць спусташэнне ў сэрцы старога Джоша.

Містэр Домбі даў зразумець, што гэта яго не здзіўляе.

— Каварны дух, — сказала лэдзі ў крэсле, — замоўкніце! Ці даўно вы тут, нягоднік?

— Адзін дзень, — адказаў маёр.

— І вы можаце прабыць адзін дзень або нават адну хвіліну ў гэтым садзе, — сказала лэдзі, злёгку папраўляючы веерам фаль-