Старонка:Домбі і сын.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а маці — яна заўсёды верыць добраму, сэр; ва ўсякім выпадку, я ведаю, што мая маці верыць.

Рот містэра Каркера расцягнуўся, але ён не сказаў ні слова, пакуль не сеў на каня і не адпусціў чалавека, які наглядаў за канём, пасля чаго пільна паглядзеў з сядла на ўважлівы і насцярожаны твар хлопчыка і сказаў:

— Вы прыдзеце да мяне заўтра раніцой, і вам пакажуць, дзе жыве той стары джэнтльмен, — стары джэнтльмен, якога вы бачылі сёння ў мяне, — і куды вы накіруецеся, аб чым вы ўжо чулі.

— Так, сэр, — адазваўся Роб.

— Я надзвычай цікаўлюся гэтым старым джэнтльменам, і вы, прыяцель, служачы яму, служыце мне, разумееце? Я хачу ведаць усё пра гэтага старога джэнтльмена, як ён жыве з дня на дзень — таму што я хачу быць яму карысным, — і, галоўным чынам, хачу ведаць, хто яго наведвае. Разумееце?

— Так, сэр!

— Мне хацелася-б ведаць, што ў яго ёсць сябры, якія аб ім клапоцяцца і не пакідаюць яго — бо ён, небарака, вельмі адзінокі цяпер, — і што яны любяць яго і яго пляменніка, які выехаў з Англіі. Магчыма, яго наведае адна вельмі маладая лэдзі. Пра яе мне ў асаблівасці хочацца ведаць усё.

— Я пастараюся, сэр, — сказаў хлопчык.

— І памятайце, — адазваўся яго апякун, нахіляючыся, каб наблізіць сваю ашчэраную фізіяномію да твара хлопчыка і пахлопаць яго па плячы ручкай бізуна, — памятайце, што пра мае справы вы не павінны гаварыць нікому, апрача мяне.

— Нікому на свеце, сэр, — адказаў Роб, ківаючы галавой.

— Ні тут, — сказаў містэр Каркер, паказваючы на дом, адкуль яны толькі што вышлі, — ні дзе-б там ні было. Я праверу, ці можаце вы быць адданым і ўдзячным. Я вас выпрабую!

Вышчараныя зубы і рух галавы дапамаглі яму ўкласці ў гэтыя словы не толькі абяцанне, але і пагрозу, пасля чаго ён адвярнуўся ад Роба, чые вочы былі прыкуты да яго, нібы ён прываражыў і душу і цела хлопчыка, і рушыў ў дарогу. Але, ад'ехаўшы на невялікую адлегласць і зноў пераканаўшыся, што яго верны паж, падперазаны таксама, як і раней, па-ранейшаму яго суправаджае на ўцеху шматлікім прахожым, ён спыніў каня і загадаў яму вярнуцца назад.

Містэр Каркер-загадчык ехаў шагам з бесклапотным выглядам чалавека, які здавальняюча скончыў з усімі справамі гэтага дня і перастаў пра іх думаць. Добрадушны і ветлівы ў вышэйшай ступені, містэр Каркер праязджаў па вуліцах і паціху напяваў песеньку. Ён нібы мурлыкаў. Ён быў надзвычай задаволены.

«Вельмі маладая лэдзі! — думаў містэр Каркер-загадчык, напяваючы песеньку. — Так! Калі я апошні раз яе бачыў, яна была маленькай дзяўчынкай. Прыпамінаю, што ў яе цёмныя вочы