Старонка:Домбі і сын.pdf/247

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ці лічу я, рэбяты, што гэты «Сын і Наследнік» мог патануць? Магчыма. Ці гавару я гэта? Навошта? Калі шкіпер выходзіць з канала Сент-Джордж, трымаючы курс на Даунс, не ляжыць перад ім? Пяскі Гудуіна. Яго не прымушаюць налятаць на пяскі, але ён можа наляцець. Трымайцеся па курсу гэтага назірання. Гэта ўжо не мая справа. Такім чынам, стоп, трымайце бадзёра вахту, і жадаю вам удачы.

Тут голас аддаліўся з задняй гасцінай і вышаў на вуліцу, цягнучы з сабою камандзіра «Асцярожнай Клары» і спадарожнічаючы яму з належнай паспешнасцю на борт судна, дзе той умомант лёг паспаць і дрыматой асвяжыў свой розум.

Вучні мудраца, вымушаныя самастойна прымяняць яго ўказанні, пераглянуліся крыху збянтэжана. Аднак капітан Катль, чыё захапленне Бансбі ўзмацнілася — калі гэта толькі магчыма, — калі той так бліскуча апраўдаў сваю рэпутацыю і даў памянёнае ўрачыстае тлумачэнне, пачаў гаварыць, што Бансбі зусім упэўнен, што ў Бансбі няма ніякіх апасак і думка, выказаная такім чалавекам, народжаная такім розумам, як яго розум, з'яўляецца якарам самой Надзеі, і якарная стаянка добрая. Фларэнс старалася паверыць, што капітан кажа праўду, але Ніпер, моцна склаўшы рукі, рашуча ківала галавой і верыла Бансбі не больш, чым самому містэру Перчу.

Як відаць, філосаф пакінуў дзядзьку Соля ў такім-жа стане, у якім застаў яго, бо той па-ранейшаму вандраваў па морах, трымаючы ў руцэ цыркуль і не знаходзячы для яго прыстанішча. У той час як стары быў захоплен гэтым заняткам, Фларэнс шапнула штосьці на вуха капітану Катлю, і той паклаў яму на плячо сваю цяжкую руку.

— Трымайцеся мацней, стары прыяцель! — усклікнуў капітан. — Будзьце бадзёрымі! Вось што я вам скажу, Соль Джылс: спачатку я правяду дадому Радасць Сэрца, — і капітан, вітаючы Фларэнс, пацалаваў свой кручок, — а пасля вярнуся і вазьму вас на буксір да самага вечара. Вы пойдзеце са мною, Соль, і мы дзе-небудзь паабедаем разам.

— Не сёння, Нэд! — шпарка сказаў стары, які быў чамусьці спалохан гэтай прапановай. — Не сёння! Я не магу!

— Чаму? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго са здзіўленнем.

— У мяне… у мяне столькі справы. Гэта значыць мне многае трэба абдумаць і прывесці ў парадак. Дапраўды-ж, не магу, Нэд. Сёння мне трэба яшчэ раз выйсці з дому, пабыць аднаму і шмат аб чым падумаць.

Капітан паглядзеў на інструментальнага майстра, паглядзеў на Фларэнс і зноў на інструментальнага майстра.

— У такім выпадку заўтра, — прапанаваў ён, нарэшце.

— Так, так! Заўтра! — сказаў стары. Успомніце пра мяне заўтра. Значыцца — заўтра.