Старонка:Домбі і сын.pdf/267

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Місіс Ск'ютон паправіла касынку, ушчыпнула сябе за ўвяўшую шыю, каб разгладзіць яе, і прадаўжала, вельмі задаволёная сабою:

— Мне, а таксама дарагой маёй Эдзіт, — у чым я не сумняваюся, — было вельмі прыемна прымаць містэра Домбі. Мы, натуральна, былі прыязна настроены да яго, як да вашага сябра, дарагі мой маёр, і мне здавалася, што ў містэры Домбі адчуваецца тая бадзёрасць, якая дзейнічае ў вышэйшай ступені асвяжальна.

— Зусім мала бадзёрасці асталося цяпер у містэра Домбі, пані, — сказаў маёр.

— Няшчасны! — усклікнула місіс Ск'ютон, кінуўшы на яго млявы позірк. — Прашу вас, маўчыце!

— Дж. Б. маўчыць, пані, — адказваў маёр.

— Містэр Домбі, — прадаўжала Клеапатра, расціраючы ружовую краску на шчоках, — не абмежаваўся адным візітам; магчыма, ён адчуў штосьці прыемнае ў нашых простых і непатрабавальных густах — бо ёсць чароўнасць у Прыродзе, яна такая прыемная, — і ён зрабіўся пастаянным членам нашага вячэрняга гуртка. А я і не думала пра тую страшную адказнасць, якая пагражала мне, калі я заахвочвала містэра Домбі…

— Быць тут як дома, пані, — падсказаў маёр Бегсток.

— Грубіян! — сказала місіс Ск'ютон. — Вы папераджаеце маю думку, але выказваеце яе агіднейшай мовай.

Тут місіс Ск'ютон абаперлася на стаяўшы каля яе столік і, спусціўшы кісць рукі, — на яе думку грацыёзна і прыгожа, — пачала махаць веерам і, размаўляючы, ляніва любавалася сваёй рукой.

— Катаванне, якое я выцерпела, — сказала яна, манернічаючы, — калі ісціна паступова мне адкрывалася, было вельмі жахлівым, каб аб ім шмат гаварыць. Усё маё жыццё — у маёй ненагляднай Эдзіт; бачыць, як яна мяняецца з дня на дзень, мая чароўная дзяўчынка, якая літаральна пахавала сваё сэрца з дня смерці гэтага цудоўнейшага чалавека, Грэйнджэра, — бачыць гэта, самая пакутлівая рэч у свеце. Кажуць, што Эдзіт, — прасюсюкала місіс Ск'ютон, — жамчужына майго жыцця, падобна да мяне. Мне здаецца, мы сапраўды падобны.

— Ёсць на свеце адзін чалавек, пані, які ніколі не згодзіцца з тым, што хтосьці да вас падобен, — сказаў маёр, — а завуць гэтага чалавека старым Джо Бегстокам.

Клеапатра мела замер расквасіць галаву падлізніку веерам, але, змякчыўшыся, усміхнулася яму і прадаўжала:

— Калі мая цудоўная дзяўчынка атрымала ў спадчыну ад мяне якія-небудзь добрыя якасці, нягоднік, — нягоднікам быў маёр, — то яна атрымала ў спадчыну таксама і маю неразважлівую натуру. У яе вельмі моцны характар, — кажуць у мяне быў вельмі моцны характар, хоць я гэтаму не веру, — але калі яе што-небудзь усхвалюе, яна ўспрыймальная і адчувальная ў вы-