Старонка:Домбі і сын.pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХХІХ

Місіс Чык зрабілася відушчай.

Неяк раніцою ў гэтыя знамянальныя дні міс Токс, не ведаючы пра цуды, што адбываліся з домам містэра Домбі, скончыўшы сваё звычайнае снеданне, якое складалася з адной хрусткай французскай булачкі, аднаго свежага яйка і аднаго чайнічка, у якім заварвалася адна срэбная лыжачка чаю, паднялася наверх, каб раскласці на клавікордах «Птушыны вальс», паліць і ўпарадкаваць кветкі, змахнуць пыл з бяздзеліц і, згодна нязменнай сваёй прывычцы, ператварыць маленькую гасціную ва ўпрыгожанне пляца Прынцэсы.

Міс Токс адзела пару старых пальчатак колеру сухіх лісцяў, у якіх мела звычай выконваць гэтыя абавязкі — у іншы час пальчаткі былі захаваны ад людскіх вачэй у скрынцы, — метадычна ўзялася за работу.

У гэту раніцу міс Токс не спяшалася перайсці да кветак. Дзень быў цёплы, вецер паўднёвы, і павеяла летам на пляцы Прынцэсы; думкі міс Токс скіраваліся да вёскі. Малюсенькі водбліск сонца пракраўся з вялікай вуліцы за вуглом, і закураныя вераб'і пераскоквалі цераз яго, пабліскваючы ў праменях, або купаліся ў ім, як у ручаінцы, і ператвараліся ў прыгожых вераб'ёў, якія ніколі не дакраналіся да комінаў.

Міс Токс прысела на падаконнік і задумалася аб сваім добрым нябожчыку татулі — містэры Токсе, які служыў у мытні, — і аб сваім дзяцінстве, якое праходзіла ў марскім парту, дзе было многа дзёгцю і крыху вясковай прастаты. Яна аддалася далёкім прыемным успамінам аб лугах, што ззяюць люцікамі, нібы перавернуты небазвод з залатымі зоркамі, і аб тым, як яна пляла ланцужкі з адуванчыкаў для юных закаханых, якія кляліся ў вернасці да смерці і былі апрануты пераважна ў нанку, і як хутка завялі і разарваліся гэтыя ланцугі.

Будучы апанавана такім лятуценным настроем, яна пачала размышляць аб містэры Домбі — напэўна таму, што маёр вярнуўся дадому, у сваю кватэру насупраць, і толькі што пакланіўся ёй з акна. Бо з якой іншай прычыны магла-б міс Токс паставіць у сувязь містэра Домбі са сваімі ўспамінамі аб летніх днях і ланцугах з адуванчыкаў? «Ці павесялеў ён? — думала міс Токс. — Ці змірыўся з воляй лёсу? Ці жэніцца калі-небудзь зноў, і калі — так, то на кім? Што гэта будзе за асоба?»

Румянец заліў яе твар, калі яна ўбачыла маленькую карэту, якая ўз'язджала на пляц Прынцэсы і накіроўвалася проста да пад'езду. Міс Токс устала, шпарка схапіла нажніцы і, падышоўшы, нарэшце, да кветак, старанна занялася імі, калі ў пакой увайшла місіс Чык.

— Як маецца мой мілы сябра? — усклікнула міс Токс, разводзячы рукі на абдымкі.